Наперадзе – другі дзень «Басовішча»! (абнаўляецца)
У Гарадку працягваецца «Басовішча-2017». Пачаўся другі дзень Фестывалю музыкі маладой Беларусі.
Як і штогод, ля месца правядзення фестывалю знаходзіцца намётавае мястэчка, дзе ад раніцы віруе жыццё. Тут жыве і гуляе большая частка ўдзельнікаў і выступоўцаў «Басовішча», якія прыехалі з Беларусі і Польшчы. Некаторыя перасякалі мяжу ў Баброўніках на веласіпедах.
– Да Баброўнікаў дабіраліся маршруткай, а пасля паехалі на роварах. З сябрамі дамовіліся так паспрабаваць, каб на мяжы доўга не стаяць у чарзе.
– Усім раім: на ровар ды на «Басовішча»!
– Атмасфера вельмі добрая. Дзеля яе толькі і прыязджаем. Не столькі дзеля гуртоў, колькі дзеля сустрэчы і кантакту з сябрамі, новымі і старымі. Будзем прыязджаць і надалей сюды.
– Усе ўсім рады. Побач усе селяцца, адзін з адным знаёмяцца.
– Жыву ў Беларусі, у Менску. Гэта для мяне выспа свабоды. Я тут пабачыў, як павінны адбывацца фестывалі і падобныя мерапрыемствы насамрэч.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
[Not a valid template]
Як выглядае цяпер Барык і што чакаць ад другога дня фестывалю – расказвае Улад Грынеўскі:
– Паціху Барык ажывае. Адмысловыя фестывальныя службы ўжо прыбралі тэрыторыю ад смецця, правяраюць апаратуру пасля ўчарашніх канцэртаў.
Я сёння правёў сацыяльны эксперымент: дзе найбольш жыцця з раніцы? Я прайшоўся па тэрыторыі ў пошуку жывых людзей. Найбольш іх аказалася ў намётавым мястэчку. Людзі паціху прачынаюцца. Стаяць чэргі, каб умыцца з самай раніцы, пачысціць зубы – усё для гэтага арганізатарамі было забяспечана. Першае пытанне, якое я ім задаў: ці было вам ўночы холадна ў намётах? Бо абяцалі халодныя ночы. Адказалі, што было даволі добра, не замёрзлі.
Таксама з самай раніцы пабачыў чаргу па каву. Людзям трэба настроіцца на другі дзень «Басовішча», набрацца бадзёрасці.
Чаго чакаць ад другога дня «Басовішча»? Працуе зона «БАСмежжа». Канцэртная частка пачнецца а 19.30 беларускага часу. Сёння даведаемся, хто ж стаў пераможцам конкурснай часткі. Пасля выступяць такія беларускія гурты, як «Стары Ольса», «Vuraj», «Akute», «Naviband».
Новае для «Басовішча» – гэта інтэлектуальная гульня, пераможца ў якой атрымае падарунак – цішотку сёлетняга фестывалю «Басовішча». А 15.00 беларускага часу пакажуць спектакль «Шляхціц Завальня» групы «Манетны двор» у Гарадоцкім асяродку культуры. Адзначу, што большасць вельмі чакае выступу ўкраінскага гурта «Вагонаважаныя».
Зона «БАСмежжа» ўжо адкрытая. Тут можна з’есці вегетарыянскую страву ды купіць беларускую літаратуру ці адзенне. Беларускія арнаменты і сімволіку на рэчах штодзённага карыстання прадае таксама Алесь Мазанік з imbryk.by.
– Я прывёз некалькі асобнікаў музычных дыскаў тых, хто выступае. Ёсць сувеніры: магніты, вокладкі на пашпарт і манеты, стужкі з арнаментам і, канешне, сцягі, якія, на жаль, людзі не могуць пашыць самі дома, хоць, падаецца, ёсць усе неабходнае для гэтага.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Завершыўся першы дзень Фестывалю музыкі маладой Беларусі „Басовішча–2017». «Ilo&Friends», «Нагуаль», «Re1ikt» ды «Дай дарогу!» – усе гэтыя гурты пачулі сабраныя ва ўрочышчы Барык, непадалёк Гарадка. Сёлета, як і штогод, на фестываль прыехалі аматары рок-музыкі з розных куткоў Беларусі і Польшчы.
– Шыкоўна ўсё ідзе! Грайце толькі панк-рок! Усім смачнага піва, добрай забавы і каб усё было шыкоўна. Жыве Беларусь!
– Вельмі падабаецца. Я першы раз на «Басовішчы». Класны гук. Вельмі хачу пачуць усе гурты.
– Мне тут падабаецца. Я бачу шмат старых сяброў, а некаторых не бачу ўвогуле, а сустрэў іх тут.
Бубнач гурту «Re1ikt» Аляксандр Дземідзенка:
– Падчас выступу я ўвогуле губляю сябе, назіраю за ўсім як глядач. Таму я не я. І таму, напэўна, гэта так: калі адбываецца такі выхад душы з цела, значыць сувязь з публікай атрымалася.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
15 ліпеня ў Барыку выступяць, між іншым, «Vuraj», «Стары Ольса», «Akute», «Naviband» ды польскія рэперы Лона і Вэбэр. Канцэрты на сцэне фестывалю пачынаюцца ў 19.30 паводле беларускага часу. Пасля канцэртаў на малой сцэне пройдуць „afterparty” Басовішча, дзе можна будзе пачуць музыку тэхна.
Жывая трансляцыя з канцэртаў на хвалях Беларускага Радыё Рацыя ды на нашым сайце.
Беларускае Радыё Рацыя
