Нараджэнне нацыяналізмаў
„Цэнтральна-Усходняя Еўропа ў 19 ст. Нараджэнне нацыяналізмаў” – адкрытая лекцыя прафесара Алеся Краўцэвіча прайшла ў гарадзенскім „Цэнтры гарадскога жыцця”, што на вуліцы Кірава.
Некалькі дзясяткаў гарадзенцаў с зацікаўленасцю прынялі меркаванні лектара пра этапы нацыяналістычнага руху ў Цэнтральнай Еўропе 19-га стагоддзя. Пасля лектар дапасаваў тэму да беларускай нацыі, якая яшчэ мае не скончаны этап свайго будавання. Пасля лекцыі сваімі меркаваннямі падзяліліся з нашым радыё слухачы:
– Пачытаў кнігу Ніала Фергюсона “Цывілізацыя”. Пераклікаецца з тым, што казаў Алесь. Быў падрыхтаваны да гэтага. Не было такога, каб прыйшоў, і нічога новагя няма.
– Як можна не пагадзіцца з прафесарам? Даведалася ў мінулым годзе, што спадар Алесь праводзіць такія лекцыі. І я рукамі – нагамі хацела тут быць. І вось хаджу.
Зараз беларускай нацыі яшчэ належыць прызнаць ядром уласнай тоеснасці беларускую мову, бо ўсе народы – суседзі, якія маюць уласную дзяржаву, прайшлі праз гэта.
І больш за тое, беларусы прайшлі ўсе фазы стварэння ўласнай нацыі ў мінулым, перакананы Алесь Краўцэвіч:
– Калі нацыянальная агітацыя прыводзіць да масавага руху. Гэты працэс адбыўся. У нас такі феномен, што ў нас блізка да масавага руху, але на самы масавы не пераходзіць. Тыя агітатары, тыя супольнасці, якія не змаглі правесці гэтую агітацыю і пераканаць, што гэта народ, яны засталіся часткай іншага народа.
Антынацыянальны палітычны рэжым, які пануе ў Беларусі, не дазваляе будаўніцтва паўнавартаснага нацыянальнага суб’екта, якім ёсць беларускі народ. На думку лектара, разбуральныя чыннікі нацыятворчага працэсу ідуць як звонку дзяржаўнай мяжы краіны, так і знутры. Праз русіфікацыю нацыі і паступовую падрыхтоўку расейскай акупацыі, ментальнай і эканамічнай.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня