“Нараджэнне паэта” ў Купалаўскім музеі



Літаратурная імпрэза з інтрыгоўнай назвай прайшла ў межах творчых сустрэч, якія шточацвер ладзяцца ў літаратурным музеі. Маладая паэтка Ніна Лістота ўпершыню выступіла з уласнай праграмай. Супрацоўнікі музея адзначылі, што дадзеная вечарына з’яўляецца непасрэдным працягам адкрыцця новых імёнаў для беларускай літаратуры, якой займаўся непасрэдна сам Купала. Паводле Ніны Лістоты, сімвалічным стала тое, што вечарына адбылася менавіта ў дзень народзінаў Якуба Коласа.

Гаворыць паэтка Ніна Лістота:

– Я прымярала ролю паэта. Атрымалася ці не – трэба запытаць у публікі. І я ўдзячная ўсім, хто прыйшоў.

Гэта маё першае сольнае, з уласнай праграмай выступленне, калі гучалі толькі мае вершы. Адсюль і назва – “Нараджэнне паэта”. Калі я ўпершыню была ў гэтай залі, то ўжо тады адчула, як гэты помнік Купалу ўздзейнічаў на мяне. Я выходзіла з нейкімі цікавымі адчуваннямі. Мне здавалася, што яго прысутнасць насамрэч ёсць тут. Перад вечарынай я вельмі хвалявалася, бо разумела, што гэта асаблівае месца, а выступ у гэтай залі – вялікі для мяне шанец.

Працягвае старшы навуковы супрацоўнік Музея імя Янкі Купалы Павал Каралёў:

– Выдатнай падзеяй стала тое, што Ніна Лістота патэлефанавала з прапановай зладзіць такую сустрэчу. Наш музей заўсёды адкрыты да супрацы, шточацвер мы праводзім вечарыны. І гэта было насамрэч сімвалічнае “Нараджэнне паэта”, бо ў гэтым доме і раней нараджаліся творцы: яны прыходзілі да Купалы і чыталі яму свае вершы. Для многіх гэта стала своеасаблівай візітоўкай у далейшае паэтычнае жыццё. Тут можна ўзгадаць Александровіча, Броўку, Глебку, Агняцвет і інш. Пры жыцці Купалы гэты дом быў сапраўдным літаратурным салонам. Прычым гэта адзначалі і сучаснікі Купалы, і спецслужбы. Тады ў гэтым доме была ўся беларуская інтэлігенцыя. Таму сёння мы стараемся працягваць добрыя традыцыі, якія запачаткаваў у 20-х гадах сам Янка Купала.

[Not a valid template] У праграме вечарыны гучалі вершы па-беларуску, па-польску і па-ўкраінску. Імпрэза праходзіла з музычным суправаджэннем Надзеі Барысавай і Марыі Гаўрыленкі. Кожны ўдзельнік імпрэзы атрымаў па смачным кап-кэйку і кубачку гарбаты пасля заканчэння імпрэзы.

Поўну гук слухайце ў далучаным гукавым файле.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара