Нараўлянскі палац займеў новых уласнікаў
Пісьменнік Андрусь Горват і ўласнік гомельскага парталу “Моцныя навіны” Пётр Кузняцоў набылі палац 19 стагоддзя ў Нароўлі. Радыё Рацыя пацікавалася ў новых уласнікаў, ці нястрашна ім распачынаць бізнес у няпростых грамадска-палітычных умовах?
Пісьменнік Андрусь Горват прызнаўся, што страшна, але іншага выйсця не было:
— Мне страшна, як і любому чалавеку, які хоць троху задумваецца. Але тут няма выйсця: альбо губляць палац цалкам, альбо рызыкаваць. Мне больш страшна, што гэты помнік архітэктуры знікне.
Грамадскі актывіст Пётр Кузняцоў адзначае, што ў дадзеным выпадку не думаеш пра страх:
— Горш, чым ёсць, не будзе. Хто калі не мы? Палац проста зруйнуецца і яго не будзе.
Нараўлянскі палац з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму першай паловы 19 стагоддзя. На дадзены момант у будынку абрынуўся дах, разбурылася перакрыццё паміж паверхамі, таму патрабуюцца антыаварыйныя працы. Нягледзячы на стан палацу, Андрусь Горват адзначае, што ішоў да сваёй мары 14 год.
Андрусь Горват:
— Гэта даволі складана патлумачыць. Як у прынцыпе ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Бывае сустракаеш чалавека, да якога з’яўляецца сімпатыя, якая перарастае ў большае пачуцце. Тут амаль тое ж самае. Нейкая харошая энергетыка. Побач з палацам мне камфортна адчувалася, хацелася вяртацца туды.
Яшчэ адным уласнікам палаца з’яўляецца заснавальнік гомельскага парталу “Моцныя навіны” Пётр Кузняцоў. Грамадскі актывіст распавядае, што будзе з будынкам пры ідэальных умовах.
Пётр Кузняцоў:
— Пры ідэальным сцэнары ягонае поўнае аднаўленне па архіўных фотаздымках, па дакументах, у тым выглядзе, у якім ён быў спланаваны і збудаваны тагачаснымі гаспадарамі. Калі гэта атрымаецца, то не будзе супярэчанняў паміж гэтай рэальнасцю і тым, чым ён мусіць быць паводле дамовы з райвыканкамам. Бо дамова прадугледжвае, што на яго базе будзе гатэльны ці рэстаранны бізнес. Там было шмат спален, якія могуць выкарыстоўвацца пад гатэль. А сталовыя могуць стаць рэстарацыяй.
Нараўлянскі палац быў пабудаваны ў 1850 годзе для сям’і арыстакрата Даніэля Горвата. Будынак знаходзіцца на правым беразе ракі Прыпяць.
Юлія Сівец, Радыё Рацыя