«Народ, які абуджаецца, не патрабуе нянек»
Так казаў этнограф, фалькларыст і краязнавец, сябра Віленскага таварыства сяброў навукі, член-карэспандэнт Кракаўскай Акадэміі Навук Вандалін Шукевіч (1852-1919) з Лідчыны, якому 10 снежня спаўняецца 170 гадоў з дня нараджэння.
Знаны археолаг, этнограф і грамадскі дзеяч Вандалін Шукевіч нарадзіўся ў 1852 годзе ў маёнтку каля вёскі Нача на Лідчыне. У гэты час зусім недалёка ад Начы, у маёнтку Шаўры, яшчэ працаваў вялікі гісторык гістарычнай Літвы Тэадор Нарбут. Верагодна, само паветра гэтых мясцін — сэрца старадаўняй Літвы — нарадзіла ў абодвух даследчыках вялікае замілаванне да гісторыі роднага краю, якое вылілася ў шматгадовую апантаную даследчыцкую працу.
Вандалін Шукевіч у польскай і беларускай літаратуры вядомы перш за ўсё як даследчык старажытнасці. Амаль чвэрць стагоддзя праводзіў раскопкі на любімым лапіку зямлі, вывучаў шматлікія месцы амаль усіх культур старажытнасці і сярэднявечча, якія развіваліся на тэрыторыі Літвы і Беларусі.
Паміж 1884 і 1894 гадамі Вандалін Шукевіч знайшоў 27 пахаванняў у Вензаўшчыне, 14 у Апанаўцах, 39 каля Дварчан, 6 каля Сабакінцаў, 8 каля Забалаці, 7 у Некрушанцах, 19 у Пузелях — усяго 120 пахаванняў у 8 магільніках. Напрыклад, каля Начы, на палях ваколіцы Пузелі, былі раскапаны старадаўнія каменныя магілы, дзе пры мужчынскіх шкілетах знаходзіліся сякеры, нажы, наканечнікі дзіды, а пры жаночых — разнастайныя бронзавыя ўпрыгажэнні: пярсцёнкі, завушніцы, бронзавыя дыядэмы з бронзавымі ці пазалочанымі сярэбранымі падвескамі, шкляныя пацеркі рознай велічыні і шмат іншага.
Археалогія стала галоўным захапленнем Вандаліна Шукевіча. Завязаліся знаёмствы з шырокавядомымі вучонымі: Зыгмунтам Глогерам і Эразмам Маеўскім з Варшавы, а таксама перапіска з дацэнтам Уладзімірам Дземетрыкевічам з Кракава, з прафесарамі-археолагамі з Пецярбурга. Пасля ІX археалагічнага з’езда, які адбыўся ў 1893 годзе ў Вільні, Вандалін Шукевіч наладзіў перапіску і абменьваўся публікацыямі з Маскоўскім археалагічным таварыствам, быў выбраны членам-карэспандэнтам гэтага таварыства.
Восенью 1903 года Шукевічам было зроблена вельмі цікавае, адразу заўважанае ў навуковым свеце, адкрыццё так званых грунтовых магіл. Вандалін Шукевіч даследаваў Трокскі, Лідскі і Радунскі замкі. Вучоны справядліва заўважаў, што «для нас мінулае павінна быць падвойна дарагім, бо ў ім адным мы можам чэрпаць натхненне для барацьбы за нацыянальнае існаванне».
Яго археалагічная дзейнасць і па сённяшні дзень не страціла свайго значэння, таму што ён запоўніў тую пустату, якая ўтварылася пасля падаўлення студзеньскага паўстання, закрыцця Археалагічнай камісіі і музея старажытнасці ў Вільні, якія заснаваў і якімі кіраваў Яўстахій Тышкевіч (1814 – 1878).
Разам з навуковай працай старанна займаўся грамадскай працай сярод жыхароў навакольных вёсак. У Начы арганізаваў кааператыў і краму, а таксама стварыў земляробчы гурток з мэтай павышэння ўзроўню сельскай гаспадаркі. Часта за ўласныя грошы выпісваў новае, лепшае насенне збожжа, буракоў і бульбы, якое раздаваў сялянам на выпрабаванне. Калі ўраджай быў добры, сяляне прыходзілі да Шукевіча з просьбай, каб больш замовіў такога добрага насення і за яго плацілі. Па прапанове Віленскага земляробчага таварыства арганізаваў пяць даследчых палеткаў для выпрабавання штучных угнаенняў і новых гатункаў бульбы і аўса. Эксперымент удаўся.
Пра жыццё і дзейнасць Вандаліна Шукевіча добрую кніжку напісаў лідскі гісторык і краязнавец Леанід Лаўрэш. Яна выйшла з друку ў Менску ў серыі “100 выдатных дзеячаў” у 2014 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя