Народнае графіці Падляшша: вырак «Бураму» пад Гайнаўкай



Вузкакалейныя лясныя чыгункі на тэрыторыі Белавежскай Пушчы – вядомая турыстычная цікавінка для дарослых і дзяцей – вядуць сваю гісторыю з 1916 года. У той час Белавежская пушча заставалася пад нямецкім ваенным выкарыстаннем. Для вывазу драўніны з лесу коней ужо не хапала, таму ў пачалося будаўніцтва лясной чыгункі. Да работы прыцягваліся расейскія і французскія ваеннапалонныя ды мясцовае насельніцтва. Пасля лясная чыгунка, а роўна і пушчанскія рэсурсы, пераходзіла то да Саветаў, то да нямецкай улады. У 1944 годзе з Гайнаўкі ў Белавежу і да 1991 года па пушчанскіх прасторах курсаваў цягнік для пасажыраперавозак. З тае пары лясная чыгунка на тэрыторыі Белавежскай Пушчы выкарыстоўваецца выключна як турыстычная забаўка, па маршрутах Гайнаўка-Тапіла (11 км) і Гайнаўка-Даліна Лясной Ракі (6 км).

Адзін з незабываемых момантаў такіх вандровак – праезд пад двума мастамі абапал трасы Гайнаўка-Белавежа. На адным з іх турыстаў сустракае незвычайнае графіці, выкананае нядаўна кімсьці з мясцовых: «BURY TO BYŁ BANDYTA” («Буры то быў бандытам»).

Размова ідзе пра дзеяча на Падляшшы –  Рамуальда Райса, пад псеўданімам “Буры”, які адказны за забойства 79 жыхароў падляшскіх вёсак – праваслаўных беларусаў у 1946 годзе. На «Беларускім Радыё Рацыя» часцяком гучаць матэрыялы пра тыя падзеі, якія абапіраюцца на ўспаміны прамых сведкаў. А таму заўсёды цікава, як гэтая ж інфармацыя транслюецца на мясцовым узроўні супольнасці, якая таксама з’яўляецца носьбітам памяці пра тыя падзеі.

Графіці на сценах – здаўна вядомы візуальны сродак, накіраваны перш за ўсё на выказванне пратэсту. Паводле вядомага гістарычнага сацыёлага з Гарварда Чарльза Ціллі, нанясенне графіці – адзін з самых распаўсюджаных сродкаў адстойвання калектыўных патрабаванняў. Сама форма такога пратэсту залежыць ад штодзённых практык мясцовага насельніцтва, якія дазваляюць звяртацца да агульнага разумення сэнсаў і сімвалаў адносна канкрэтнай асобы і трансляцыі кумулятыўнага вопыту і памяці мясцовых. Да таго ж, графіці – гэта яшчэ і пазнака «свайго» месца, вуліцы, дома.

Што ж, графіці на Падляшшы – пашыраная з’ява, якая дамінуе на мясцовых аўтобусных прыпынках. І пэўна патрабуе свайго даследвання: калі і дзе на Падляшшы ўзнікла першае графіці наагул. У іншых краінах такія даследванні праводзяцца. Прынамсі вядома, што ў 2015 годзе на знешняй сцяне Спаса-Праабражэнскага сабора XII ст. у Пераслаўлі-Залескім быў раскрыты вялізны надпіс. У ім былі пералічаны забойцы Уладзіміра-суздальскага князя Андрэя Юр’евіча ў 1174 годзе. На сёння такое графіта ўяўляе сабой найстаражытны з вядомых датаваны помнік пісьменства Паўночна-Усходняй Русі і самы ранні прыклад анафемы на Русі для падобных злачынцаў.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя