„Народны альбом. 20 год” у Беластоку



Адна з самых буйных культурніцкіх з’яваў незалежнай Беларусі – так называюць “Народны альбом”, запісаны яшчэ ў 1997 годзе ў былой студыі радыё “101.2”.

DSCF5609

Праз 20 гадоў “Народны альбом” зноў загучаў, але ў новым фармаце. У Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку сабраліся сотні людзей, большасць –  з Беларусі, каб пабачыць прэм’еру адноўленага музычнага праекту.

Музыка Лявон Вольскі прызнаўся, што не чакаў такой вялізнай увагі да “Народнага альбому” і праз 20 гадоў:

– Я шчыра кажучы, не чакаў. Не ведаю чаму. Але калі граю  нейкія сольныя канцэрты, або супольна з Паўлам Аракелянам, то мы граем тое-сёе з “Народнага альбому”. І я магу засведчыць, што маладыя людзі, якія прыходзяць, яны проста не ведаюць, што гэта такое. Я распавядаю ім, што вось ёсць такі праект, пра міжваенны перыяд, пра заходнебеларускае мястэчка. Мая дачка памятала гэты праект, але для яе таксама гэта не было нейкай такой ужо з’явай. А цяпер яна пераслухала ўвесь “Народны альбом”, і кажа – дык гэта ж геніяльная штука!

Адкрыла канцэрт дырэктарка “Белсату” Агнешка Рамашэўская-Гузы:

– Прэм’ера “Народнага альбома. 20 год” стала вялікай праверкаў для незалежнага тэлеканала. Музычны спектакль па “Народным альбоме” трэба ставіць і ў беларускай сталіцы, яго не трэба адрываць ад гледачоў, для якіх ён створаны.

Журналіст Генадзь Кеснер з газеты “Новы час” узгадваў часы, калі “Народны альбом” толькі паўставаў:

– Ой, гэта ж успаміны маладосці па-першае, паколькі я меў самае непасрэднае дачыненне да “Народнага альбома”. Пісаўся ён у нас на студыі тагачаснай радыё “101.2”. Пісаўся працяглы час, была вельмі вясёлая, гумарная атмасфера, вялікая энергетыка, гэта супольны праект таленавітых музыкаў.

Спявачка Вераніка Круглова дзеля праекту адмыслова прыехала з Нямеччыны:

– Па-першае, мы ўсе тады сябравалі. Ніхто не ведаў, што гэта будзе нешта такое культавае. Сябравалі, разам елі, пелі, пілі, спявалі. Гэта было натуральна, ніхто не ведаў, што нешта з гэтым будзе далей адбывацца.

Агулам удзел у канцэрце ўзялі: Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Зміцер Вайцюшкевіч, Вераніка Круглова, Аляксандр Памідораў і Сяргей Ахрамовіч. Іх падтрымалі два гурты: Apple Tea” і Aquarelle Quartet”.

Сярод прысутных было шмат беларускіх палітыкаў – Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Някляеў ды Мікалай Статкевіч разам з жонкамі, Юрась Губарэвіч ды іншыя.

Таксама “Народнай альбом. 20 год” наведаў экс-кандыдат у прэзідэнты і былы палітвязень Андрэй Саннікаў:

– Гэты праект вельмі шмат значыў для мяне. Для мяне гэта геніяльная з’ява, я быў ёй агаломшаны ад самага пачатку. Я лічу, што такога якаснага, такога моцнага па энергетыцы, інтэлектуальна моцнага твору – ў нас не было.

Прысутнічала і шмат падляшскіх беларусаў. Аліна і Мікола Ваўранюкі перакладалі “Народны альбом” на польскую мову. Гэты пераклад у час канцэрта ішоў у выглядзе “бягучага радка” над сцэнай.

Аліна падзялілася ўражаннямі адразу пасля канцэрту:  “Я ў поўным захапленні. На вялікай сцэне, класныя аранжыроўкі, шмат прафесійных музыкаў, шыкоўныя касцюмы”.

Арганізатарам праекту “Народны альбом. 20 год” выступіў незалежны тэлеканал “Белсат”. Рыхтуецца таксама відэаверсія гэтага праекту, яе паказ запланаваны на навагоднюю ноч.

На хвалях нашага радыё ў бліжэйшы чацьвер, 8 верасня, прагучыць таксама рэпартаж “Народны альбом. 20 год”.

[Not a valid template]

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Станіслаў Раманчук