«Народны альбом» паставяць на опернай сцэне ў Беластоку



Напярэдадні свайго 20-годдзя «Народны альбом» стане музычным спектаклем. Тэлеканал «Белсат» выступае аўтарам ідэі і выканаўчым прадзюсарам спектаклю.

4 верасня ў Падляскай оперы ў Беластоку ў межах фестывалю «Усход культуры. Іншае вымярэнне» адбудзецца прэмʼера спектаклю «Народны альбом. 20 год».

У юбілейнай версіі бяруць удзел Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Вераніка Круглова, Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў, Сяргей Ахрамовіч ды іншыя выканаўцы з арыгінальнага складу.

Значная частка квіткоў ужо распаўсюджаная, – кажа генеральны прадусар “Белсату” ў Беларусі Аляксей Мінчонак:

– На сайце тэлеканала “Белсат” была распачатая акцыя па распаўсюдзе квіткоў. І менш чым за дзве гадзіны ўдалося распаўсюдзіць усе квіткі. Пакуль квіткоў няма, магчыма зможам  знайсці нейкую дадатковую квоту. Трэба пільна сачыць за навінамі, бо квіткоў ужо засталося сапраўды мала.

Такім чынам, квіткі на імпрэзу можна атрымаць праз старонку Belsat.eu альбо акаўнты тэлеканала ў сацыяльных сетках. Там жа ёсць інфармацыя пра візавую падтрымку для беларусаў. Спектакль «Народны Альбом. 20 год» адбудзецца ў межах фестывалю «Wschód Kultury. Inny Wymiar» («Усход культуры. Іншае вымярэнне») і распачнецца ў 17.30 паводле польскага часу.

Квіткі таксама будуць распаўсюджвацца праз нашае радыё, і невялікая частка будзе даступная непасрэдна перад пачаткам мерапрыемства.

https://www.youtube.com/watch?v=egvqvzFFO0s

Арганізатары абяцаюць, што галоўнымі героямі стануць як удзельнікі таго самога альбома – а гэта каля 25 асобаў, – гэтак і новыя людзі.

«Народны альбом» быў запісаны ў 1997 годзе ў былой студыі легендарнага радыё «101,2» і стаў адной з найбуйнейшых культурніцкіх з’яў незалежнай Беларусі.

На сайце «Белсата» можна знайсці адмысловы тэст для таго, каб выйграць квіток і візу.

Фота belsat.eu