Народны строй – жывая традыцыя
Рэканструкцыя народнага строю – гэта проста хобі, занятак для вольнага часу ці прыкладная гісторыя і спроба дакрануцца да даўніны, адчуць повязь пакаленняў? На выставе “Народны строй – жывая традыцыя”, што адкрыецца 13 кастрычніка ў Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах, кожны наведвальнік сам зможа адказаць сабе на гэтае пытанне. Майстрыхі, што выстаўляюць свае працы, прайшлі ўсе гэтыя ступені. Ларыса Мятлеўская і Аляксандра Духноўская – прадстаўніцы розных пакаленняў – у пачатку стварэння сваёй калекцыі мелі розныя мэты, але зараз могуць паказаць гледачам, што няма касцюма больш прыгожага і гарманічнага, чым свой – беларускі.
Рэканструкцыя народнага строю – гэта не проста пашыў асобных элементаў касцюма. Спачатку праводзіцца даследаванне рэгіянальных асаблівасцей касцюма: праца з літаратурай, замалёўкамі даследчыкаў, старымі фотаздымкамі, музейнымі калекцыямі, распытванне людзей сталага веку ў этнаграфічных экспедыцыях, пераняцце навыкаў старэйшых майстрых.Вялікі ўнёсак у развіццё і станаўленне дадзенай з’явы ўнесла РМГА“Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” (СЭТ), адной з задач якога з’яўляецца захаванне сапраўднай жывой традыцыі.
На выставе наведвальнікі змогуць пабачыць ужо гатовыя адноўленыя строі рэгіянальнага і функцыянальнага дзялення, пазнаёміцца бліжэй з этапамі рэканструкцыі, зазірнуць “за кулісы” стварэння сапраўдных шэдэўраў. Дапоўняць выставу прадметы кравецкага побыту канца 20 і пачатку 21 стагоддзя.
Адкрыццё выставы адбудзецца 13 кастрычніка а 12-й гадзіне ў Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах.
Білет каштуе 2 рублі – дарослыя, 1 рубель – школьнікі
У дзень адкрыцця ўваход вольны.
Музей працуе: серада–нядзеля з 10:00 да17:00