Наш сучаснік Алесь Адамовіч
Алесь Адамовіч, які пайшоў з жыцця больш як 21 год таму, застаецца сучасным пісьменнікам і грамадзянінам. Такая думка гучала на працягу вечарыны прысвечанай творцу, якая адбылася ў Менску.
Былі прадстаўлены 4 выданні пісьменніка, у тым ліку на ангельскай мове, якія выйшлі за апошні час. Зала Палаца мастацтваў была запоўнена. Перад аўдыторыяй выступілі беларускія літаратары, навукоўцы, якія добра ведалі пісьменніка.
Па словах яго дачкі Наталлі Адамовіч, наперадзе новыя кнігі. Цікавасць да творчасці Адамовіча ўзрастае не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.
Наталля Адамовіч: Першай кнігай Алеся Адамовіча пасля працяглага перапынку было выданне з серыі „Беларускі кнігазбор”. Потым пачалі выходзіць іншыя кнігі. Выйшлі творы ў перакладзе на ангельскую мову. Завяршаецца праца над перавыданнем „Блакаднай кнігі”, якую Алесь Адамовіч зрабіў сумесна з Даніілам Граніным. Яна выйдзе ў поўным, кананічным варыянце. А самае апошняе выданне – „Карнікі”… Пагаварыла, абмеркавала з беларускімі пісьменнікамі – і так вось з’явілася ідэя прэзентаваць гэтыя апошнія выданні. І атрымалася вялікая вечарына.
Паэт і палітык Уладзімір Някляеў: Можна пачуць размовы і прачытаць тэксты, што другая хваля беларускага адраджэння нібыта пацярпла паразу. Пра гэта казаць заўчасна, хоць бы таму, што не закончылася, не спала хваля другога беларускага адраджэння. Яна і не можа спасці. Гэты працэс працягваецца і скончыцца толькі перамогай у Беларусі беларускага. І ў гэтым працэсе Алесь Адамовіч, якога фізічна сёння ўжо няма, насамрэч ёсць. Ён адзін з тых, на каго абапіралася беларуская грамадскасць, калі ўздымала ідэю беларускага адраджэння і абапіраецца да гэтай пары. Ён волат адраджэння! Гэта чалавек, які займаўся літаратурай, літаратуразнаўствам, гісторыяй, палітыкай – карацей, усім сегментам гуманітарных навук і зрабіў для Беларусі, незалежна ад таго, на якой ён мове – рускай ці беларускай, пісаў свае тэксты, вельмі – вельмі многа. Сёння ягоныя ідэі, ягоныя перажыванні ёсць ідэямі і перажываннямі сучаснасці… Ён сучасны беларускі пісьменнік і грамадзянін.
Акадэмік Радзім Гарэцкі: Я вельмі рады, што прысутнічаю на прэзентацыі гэтых кніг, якія для нас і для ўсяго свету вельмі актуальны. І наогул, у творчасці Алеся Адамовіча ідзе размова пра абавязковасць міру ва ўсім свеце. Усе яго ваенныя аповесці на самой справе антываенныя, хаця распавядаюць пра вайну. У мяне з ім вельмі многа было ўсякіх сустрэч, вельмі цікавых. Гэта чалавек надзвычай парывісты, разумны, чалавек, які ўвесь час генераваў ідэі. Прычым ён быў з аднаго боку, вельмі канкрэты і адначасова вельмі шчыры. І самае галоўнае для яго была барацьба за праўду і справядлівасць. І ва ўсіх яго кніжках, ва ўсёй яго грамадска – палітычнай дзейнасці, а ён выдатны грамадска-палітчны дзеяч, самымі галоўным былі ісціна, праўда, чалавечнасць. Таму ён адзін з першых падняў пытанне пра Чарнобыль. Таму што нашы ўлады, у тым ліку Мікалай Слюнькоў, тады першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі, а потым і член Палітбюро, хацеў ўсё гэта замоўчваць. І менавіта Адамовіч дабіўся сапраўднай дапамогі людзям і можна сказаць, спас гэтым вельмі многа жыццяў. Яго барацьба супраць ядзернай зброі, супраць АЭС дапамагала і дапамагае па-сапраўднаму ратаваць чалавецтва. Асабліва зараз, калі свет зноўку сутыкаецца з пагрозай сусветнай вайны. І вось тут вельмі важна памятаць пра тое, аб чым пісаў Алесь Адамовіч.
Барыс Пятровіч (Сачанка), пісьменнік, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў: Вельмі добра, што праходзяць такія вечарыны. Яны патрэбны найперш нам – тым, хто памятае пра Алеся Адамовіча, тым, хто любіць яго творчасць. Вельмі важна, каб мы не забывалі пра тое, што ён зрабіў дзеля беларускай літаратуры. Трэбы часцей нагадваць пра нашых вялікіх пісьменнікаў, якія адыйшлі за апошнія 20-15-10 гадоў і якія незаслужана забываюцца дзяржавай. І таму справа грамадскіх арганізацый, такіх як Саюз беларускіх пісьменнікаў і ПЭН-Цэнтр, часцей праводзіць падобныя вечарыны, выдаваць кнігі і рабіць усё магчымае дзеля памяці нашых славутых пісьменнікаў. Пасля таго, як не стала Алеся Міхайлавіча, прайшло ўжо больш за 20 гадоў, але ніводзін з пунктаў той праграмы, якая планавалася па ўшанаванню яго памяці, не выкананы. Быў пачаты выпуск яго збора твораў у 1995 годзе. Але выйшаў толькі адзін том. Шмат гадоў плануецца адкрыць музей на радзіме Алеся Міхайлавіча, але таксама нічога не зроблена. Шкада канешне, што дзяржава наша сёння забывае пра сваіх лепшых сыноў. Можна згадаць тут не толькі Алеся Адамовіча, але і Васіля Быкава, і Янку Брыля, і Івана Шамякіна, і тых, хто зусім нядаўна пайшоў ад нас – Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна. І вельмі добра, што літаральна за апошнія пару гадоў выйшла адразу 4 кнігі Алеся Адамовіча. Прычым не толькі ў Беларусі, але і ў Расеі, і ў Англіі. І дарэчы, кніга, якая выйшла ў Англіі, мела вельмі добры і шырокі розгалас. Па новаму была адкрыта творчасць Алеся Адамовіча ў Еўропе.
Барыс Пятровіч нагадаў, што адзін з вядомых амерыканскіх гісторыкаў, Ціамаці Снайдэр, упершыню прачытаўшы „Хатынскую аповесць” Алеся Адамовіча, напісаў у сваёй грунтоўнай рэцэнзіі, што якасці гатага твора гарантуюць яму месца „у шорт — лісце” лепшых раманаў XX стагоддзя”.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Рпадыё Рацыя, Менск
Фота аўтара