„Наша думка”: Беларускія балахоўцы



У 1920 годзе віленская беларуская газета „Наша думка” (№1) змясціла зацемку „Беларускія балахоўцы”. У ёй каротка тлумачыліся прынцыповыя адрозненні беларускай часткі шматнацыянальнай добраахвотніцкай арміі генерала Станіслава Булак-Балаховіча.

Беларускія балахоўцы

Кіраўнікі.

Беларускі Палітычны Камітэт пры генералу Булак-Балаховічу, як піша віленская Gazeta Krajowa”, утварыў свой спаўняючы орган, у склад якога ўвайшлі: старшынём В. Адамовіч і сябрамі Р. Аляксюк і Я. Сінкевіч.

Войска.

Камітэт ад самага пачатку свайго існаваньня рабіў найвялікшыя стараньні, каб выдзяліць з расейскай белагвардзейскай арміі беларусаў і стварыць свае асобныя баявыя часьці. Ня гледзячы на перашкоду з боку штабных афіцэраў-маскалёў, праца Камітэту вельмі ўдалася, бо ёй дужа спагадаў Балаховіч. І ўжо пры ўступленьні на тэрыторыю Беларускай Рэспублікі істнавалі гэткія фармацыі: 1-ы Беларускі Менскі Полк Стральцоў, Магілёўскі Полк, Віцебскі Полк, 1 батальон у Палку Астроўскім і разам эскадрон Коньніцы.

Адносіны да маскоускіх балахоуцау.

Камітэт умовіуся працаваць разам з Б. Савінковым і памагаць маскоўскім балахоўцам. За гэта Савінкоў адмовіўся рабіць маскоўскую прапаганду на Беларусі і згодзіўся аддаць там усю цывільную ўладу ў рукі беларусаў і дапусьціць як найшырэйшую арганізацыю Балаховічам беларускай арміі.

Адносіны да Польшчы

Камітэт маець моцную веру, што толькі Польшча і яе Начальнік Пілсудзкі могуць зрабіць беларускае гаспадарства і толькі зьвязаўшы Беларусь з Польшчаю Камітэт стараецца ўзмацаваць той зьвязак.

Адносіны да Нашай Нівы”.

Прадстаўнікі Камітэту у вялікай крыўдзе на беларускую газэту Нашу Ніву. Затое, што Наша Ніва ня дужа добра напісала аб беларускіх балахоўцах, прадстаўнікі Камітэту зрабілі ёй закід у правакацыі і сьвядомай брахні.

„Наша думка” — штотыднёвая грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выходзіла на беларускай мове ў Вільні (24 лютага 1920 — 8 ліпеня 1921). Рэдактар-выдавец Максім Гарэцкі. 

Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя