„Наша Ніва” пра атамана „Кыша” і партызанаў БНР
28 кастрычніка 1920 года ў Вільні робіцца спроба аднаўлення газеты „Наша Ніва”. У першым яе нумары была надрукавана зацемка „Паўстаньні ў Беларусі” прысвечаная паўстанчаму руху.
Ілюстрацыйнае фота
Паўстаньні ў Беларусі
На прасторах Беларусі ёсьць некалькі асобных партызанскіх атрадаў якія выступаюць пад беларускім нацыянальным штандарам, змагаючыся за „Незалежную Беларускую Народную Рэспубліку”. Выдатнейшым з такіх партызанаў ёсьць атаман, пад прозьвішчам „барон Кыш”, які сам паходзіць з Полацкага павету, беларус-селянін. Разросшыяся яго атрады занялі ўсе лясы па вярхоўі ракі Дзьвіны.
У Раслаўльскім і Мсьціслаўскім паветах беларускія паўстанскія атрады арганізаваны студэнтамі Горэцкага сельскагаспадарскага інстытуту. Гэтыя атрады, аружжам падтрымоўваючы барацьбу Беларускае Рады за незалежнасьць і непадзельнасьць свае Бацькаўшчыны, выступаюць пад знакам „Пагоні”; у верасьні сёл. году яны былі найбольш у ваколіцах Манастыршчыны.
З такімі-ж дэвізамі на самай усходняй Смаленшчыне апэруюць беларускія атрады ў Акуліцкай пушчы і пад Смаленскам. Гэтыя атрады набываюць усё больш і больш вагі, карыстаюцца сымпатыямі сялянства, якое памагае ім харчамі і выведамі, хавае ў сябе эмісараў паўстанскіх, якія вярбуюць моладзь у баявыя атрады. Першай мэтай гэтых значных сваім лікам атрадаў было ў прошлым верасьні заняцьце Горак і Краснага.
Моц народная, комплектуючыся ў атрады і змагаючыся за незалежнасьць і непадзельнасьць Маці-Беларусі, ніколі не пагодзіцца са зробленым у Рызе падзелам Беларускай зямлі, які адкінуў сьвятое права народу на самаазначаньне і дзяржаўнае будаўніцтва і гэткую рану нанёс беларускаму народу. Мір у Рызе ня дасьць міру на Беларусі. (Б.С.)
„Наша Ніва” – штотыднёвая грамадска-палітычная і літаратурная газета. Другая газета з такой назвай, якая была спробай аднаўлення аднайменнага выдання перыяду 1906-1915. Выдавалася ў Вільні на беларускай мове ў 1920 годзе. Агулам выйшла 9 нумароў. Рэдактар – У. Знамяроўскі.
Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя