«Нашаму пакаленню пашчасціла ўбачыць старое Палессе…»



Да 15 жніўня трывае прыём прац ад школьнікаў Берасцейшчыны на абласны краязнаўча-турыстычны конкурс «Магія Палесся», які прысвечаны памяці знанага эколага, краязнаўца і фатографа Аляксея Дуброўскага (1945-2011). Яго ладзіць Рэспубліканскі фонд развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды «Планета без межаў» ды Таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.

Конкурс мае пяць намінацый: «Краязнаўства», «Экалогія», «Этнаграфія і фальклор», «Турызм і экскурсіі» ды «Здымак і малюнак». Мэта ініцыятывы – папулярызацыя ўнікальнай прыроднай і этнаграфічнай спадчыны Палесся, садзейнічанне яе захаванню; пашырэнне культуралагічнага і экалагічнага кругагляду падлеткаў; актывізацыя навукова-экспедыцыйнага, экалагічнага, экскурсійна-пазнавальнага, актыўнага і іншых відаў турызму ў рэгіёнах Палесся, падтрымка творчай і навуковай дзейнасці школьнікаў. Запоўніць заяўку на ўдзел альбо атрымаць больш інфармацыі магчыма на сайце фонда «Планета без межаў».  

Беларускае Радыё Рацыя не аднойчы звяртала ўвагу на постаць Аляксея Дуброўскага. Толькі сёлета апублікавалі два грунтоўных матэрыяла: «Палессе ў аб’ектыве Аляксея Дуброўскага» ды «Трагедыя і ўнікальнасць Палесся. Аляксей Дуброўскі». Цяпер, з нагоды конкурса і мэтаў, якія абазначылі арганізатары, хочацца засяродзіцца на думках гэтай шматграннай асобы.

Сябра Аляксея Мікалаевіча, літаратар Павел Ляхновіч, неяк сказаў у інтэрв’ю нашаму радыё, што праз здымкі Дуброўскі імкнуўся адкрыць і захаваць для беларусаў Беларусь, для наступных пакаленняў, якія прыйдуць на змену. Цікава будзе па выніках конкурсу пагледзець на што здатныя гэтыя нашчадкі і можа сярод іх будзе той, хто працягне ягоную справу надалей. 

Звернемся да фотаальбома «Край пад белымі крыламі», які пабачыў свет у 2006 годзе, а менавіта да раздзелу «Зямля без дагляду». Гэта нататкі Дуброўскага адносна палескіх рэк і багнаў, навакольнага асяроддзя. Вялікай любоўю і павагай да роднай прыроды прасякнуты ягоныя словы…

(…) Ёсць дні ў годзе і гадзіны сутак, калі здаецца, што чалавек жыве ў казачным свеце. І дадзены ён нам нездарма, а каб мы песцілі ў сябе пачуццё цудоўнага і любоў да навакольнага свету. Убачыць яго можа кожны жадаючы. Зусім нямнога намаганняў спатрэбіцца, каб з намётам на прыродзе сустрэць світанак і правесці сонца да захаду, прайсціся ўлетку па беразе ракі ў пагодлівы дзень і глядзець толькі ў ваду, назіраючы, як белыя баранчыкі, змяняючы свае абрысы, хаваюцца пад вярбовымі кустамі і пясчанымі берагамі.

На рэчцы Ясельда, сярод бязмежных балот, размясцілася палеская вёсачка Кудрычы Пінскага раёна, у якой усё менш застаецца людзей, а суседства складаюць усё часцей толькі буслы, здымкі з альбома «Край пад белымі крыламі».

Бывае, што і закруціцца галава ад касмічнай вышыні, калі на захадзе водная роўнядзь возера набывае сіняе адзенне, і па ёй плывуць белыя аблокі, а бераг здаецца адкрытымі дзверцамі самалёта. Гэтаму бачанню надаюць сюррэалістычны выгляд растучыя на аблоках гарлачыкі і плаваючыя на паверхні дрэвы. Казачны непаўторны каляровы свет стварае сонца над празрыстымі водамі чыстых азёр, які мяняецца ад вільготнасці паветра, разнастайнасці аблокаў, ценяў дрэў на беразе. Не кожнае возера ці рака мае магчымасць даць чалавеку такую прыгажосць. Гэта асаблівыя вадаёмы з асаблівай аўрай. Мне прыходзілася бачыць такія з’явы на рэках Стыр, Прыпяць і Піна, заліўных азёрах Прыпяці ў Лунінецкім раёне, на возеры Гошча Івацэвіцкага раёна і азёрах Вялікае і Сярэдняе Зарачнянскага раёна Украіны, рацэ Паўднёвая Случ каля Сарнаў. Доўжацца такія дзіўныя моманты ў сутках лічаныя хвіліны.

Пры нарыхтоўцы дроваў на зіму вяскоўцы спадзяюцца выключна на ўласныя сілы.

Палешукі прызвычаіліся да раўнінных краявідаў, якія асаблівыя не толькі для Беларусі, але і далёка за яе межамі. За гэтай уяўнай аднастайнасцю зямля поўная жыцця. Асаблівы жывёльны і раслінны свет напаўняе лясы і балоты. Толькі тут можна ўбачыць сапраўдныя зараснікі венерынага чаравічка, глухую зязюлю, аб якой у радыусе 1000 км ніхто і не чуў.

Аляксей Дуброўскі. Найбольшая борць з унікальнай калекцыі пчаляра Мікалая Качаноўскага. Вёска Качановічы Пінскага раёна.

У балотах і азёрах можна сустрэць медыцынскую п’яўку. 80% папуляцыі белалобых гусей знаходзяць тут адпачынак увесну, імкнучыся потым да берагоў Паўночнага Ледавітага акіяна. Турухтаны ў сваіх дзіўных танцах тут закладваюць асновы свайго патомства, а ў паўночнай тундры ўжо росцяць з’явіўшыхся птушанят. Вясеннія паводкі на дзясяткі кіламетраў даюць прытулак і корм мільёнам птушак, водным жывёлам і пацеху паляўнічым і аматарам прыроды.

Убалотным заказніку «Падмосце», які знаходзіцца ў Пінскім раёне.

Толькі ў Пінскім раёне сходзяцца пяць рэк, ствараючы ўвесну мелкаводдзе і непраходнае мора – рай для водна-балотных пасяленцаў. Дубовыя і хваёвыя лясы перапыняюцца балотнымі альховымі, часам журавіннікамі з іх насякомаяднай расянкай. У гэтых невялікіх нюансах рэльефу, якія можна ўбачыць толькі ў пешым паходзе, хаваецца шмат раслін і дробных жывёл, увязваючых свой цыкл жыцця з хіміяй глебы і вады. Ахоўныя тэрыторыі, якіх толькі ў Пінскім раёне больш 20.000 га, даюць надзею на захаванне каштоўнай прыроднай спадчыны, і, каб яе пабачыць, ручаёк турыстаў у лясы і балоты ў хуткім часе ператворыцца ў вялікую раку. Не дарма самыя вялікія заказнікі на Палессі з’яўляюцца ландшафтнымі. Менавіта раўнінны ландшафт з ягонымі некранутымі балотамі – самы галоўны рэсурс у краі, які мы абавязаны захаваць.

…Якое ж гэта ўсё-такі багацце: Палескі край…

Балоты на Палессі зусім нядаўна былі першым ворагам палешукоў. Колькі праклёнаў яны чулі, колькі жыццяў забралі, сёння ніхто не адкажа. Права на іхняе існаванне многія сталыя людзі і сёння адмаўляюць. Навукоўцы вось ужо 20 год імкнуцца павярнуць свядомасць грамадства на бок карыснасці балотных угоддзяў. Вялікая роля палескіх балот у захаванні чысціні біясферы ў еўрапейскім маштабе. Яны з’яўляюцца захавальнікамі ўнікальнай флоры і фауны.

«Зімнік» – часовая дарога ў аблоне ракі Стыр.

Знаходзячыся ў цэнтры асвоенай і штучнай Еўропы, натуральныя балотныя ўгоддзі Палесся набудуць мільёны прыхільнікаў па ўсім свеце. За апошняе дзесяцігоддзе арганізаваны заказнікі на дзясятках тысяч гектараў балот. Распрацавана адмысловая праграма ААН па іх захаванню на Палессі. Некаторым з іх прыдаюць статус еўрапейскага ўзроўню, як «Спораўскі», «Званец», «Сярэдняя Прыпяць». Сотні замежных турыстаў асвойваюць экалагічныя маршруты, здзіўляючыся кожнай кветачцы ці птушцы, якіх ужо даўно няма ў іхняй краіне.

Спакон вякоў палешукі шчаўе не садзілі на агародах, а хадзілі за ім на луг.

У палескім фальклоры яшчэ да апошняй вайны ў вёсках можна было пачуць легенды аб стварэнні балот на Палессі састарэлым Богам. Ён іх ствараў апошнімі, і чорт усілякім чынам перашкаджаў падслепаватаму Творцу скончыць сваю працу на зямлі, крадучы ў яго зярняты і ператвараючы іх у пустазелле. Аднак пакрысе людзі мяняюць адносіны да балот і можна спадзявацца на станоўчы вынік у гэтым даўнім супрацьстаянні.

Прыпяць у снежні.

Аляксей Мікалаевіч Дуброўскі (2 студзеня 1945, в. Зачысце Барысаўскага раёна Менскай вобласці – 26 снежня 2011, Пінск) –  вядомы фатограф, эколаг і краязнаўца. Ягонымі здымкамі азболеныя шматлікія зборнікі пра Палессе. Аўтар сотняў артыкулаў, прысвечаных праблемам экалогіі і гісторыі, якія рэгулярна з’яўляліся ў беларускім і замежным друку. За гэта ў 2007 годзе атрымаў узнагароду Беларускай асацыяцыі журналістаў. У 2000 годзе выдаў кнігу «Палігон», а ў 2005 годзе фотаальбом «Край пад белымі крыламі». Дуброўскі працяглы час працаваў інжынерам у Пінскім праектным інстытуце меліярацыі, у навуковым аддзеле парку «Белавежская пушча». У 1985-1990 гадах кіраваў працай па арганізацыі большасці заказнікаў Пінскага раёна і новых заказнікаў Палесся, між іншых «Лунінскі», «Званец», «Выдранка». У часы перабудовы падтрымаў нацыянальна-дэмакратычны рух, амаль дзесяць гадоў быў дэпутатам Пінскага гарадскога Савета.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя