Нашаніўцу Кандрату Лейку – 155 гадоў



17 верасня спаўняецца 155 гадоў з дня нараджэння пачынальніка беларускай літаратуры, аўтара “Нашай нівы” у 1911-1921 гадах – паэту, празаіку і драматургу са Слонімшчыны Кандрату Лейку (1860-1921), які раней нават за Францішка Багушэвіча друкаваў свае беларускія вершы для дзяцей. А гэта былі 1883-1885 гады. А ў 1912 годзе асобнай кніжачкай выйшла яго п’еска “Снатворны Мак”. Яна паклала пачатак беларускай нацыянальнай драматургіі для дзяцей.

[Not a valid template]

Лёс Кандрата Лейкі быў трагічным. Нарадзіўся ён у вёсцы Збочна Слонімскага павета ў беднай сялянскай сям’і Тодара і Тэклі Лейкаў, які некалі напіша ў сваёй аўтабіяграфіі: “Нарадзіўся я ў 1860 годзе, 17 верасня, здаецца”.

Дзяцей тады ў сялянскіх сем’ях было многа. У сям’і Лейкаў, акрамя Кандрата, гадаваліся яшчэ тры браты. Бацька часта хварэў, таму працаўнік з яго быў слабы. А маці вызначалася працавітасцю, вельмі любіла дзяцей, была ласкавай і добрай.

Чытаць Кандрата навучыў яго родны дзядзька Раман. З гэтага часу будучы пісьменнік і педагог на ўсё жыццё палюбіў кнігу і ніколі ў жыцці з ёй не расставаўся. Хутка хлопчыка паслалі вучыцца ў Азярніцкае вучылішча, якое знаходзілася недалёка ад Збочна. Кандрат вучыўся старанна, кожны дзень з палатнянай торбачкай бегаў у школу. Ён стаў любімым вучнем настаўніка вучылішча Восіпа Міхайлавіча Вікторскага.

У Кадрата Лейкі часта балелі ногі. Халодная раса студзіла ступні, а потым нылі калені, што ноччу немагчыма было заснуць. Ён падыходзіў да матулі, якая сагравала сыночку ножкі, гладзіла іх сваімі мазолістымі рукамі, лячыла іх народнымі сродкамі, бо, каб выклікаць доктара, не хапала грошай.

Азярніцкае вучылішча Кандрат закончыў паспяхова. Настаўнік Восіп Вікторскі бачачы, што хлопец вельмі здольны да вучобы, выкарыстаў усе мажлівасці, каб паслаць яго вучыцца ў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю за казённы кошт. І Кандрат Лейка паехаў вучыцца.

Пасля вучобы ў 1879 годзе яго накіравалі працаваць настаўнікам у мястэчка Косава Слонімскага павета (цяпер гэта Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці), якое знаходзіцца 35 вёрст ад роднай вёскі Збочна. Хутка цяжка захварэе маці. У моцную завіруху на санях сын з Косава дабіраецца ў родную вёску. Маці застаў яшчэ жывою, але нічым дапамагчы ён ёй не змог. Яна вельмі хацела жыць, каб пабачыць, які лёс напаткае яе адзінага вельмі вучонага сына.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Афіша спектакля “Снатворны мак”, 1987 г

Пазней сваёй маці Кандрат Лейка прысвеціць два апавяданні “Успамін” і “Таклюся-сухотніца”, якія друкуюцца ў гэтай кніжцы. Ён так моцна любіў сваю маці, так верыў у яе высокую маральную чысціню і справядлівасць, у яе прыродныя разумовыя здольнасці, што дазволіў ёй, простай сялянцы, у апавяданні ўзнімаць важныя пытанні таго часу. Кандрат Лейка пісаў: “Перад Таклюсяй цяпер неразгаданаю загадкаю стаяла тры цiкавых пытаннi:

Першае: калi памiж людзьмi будзе праўда?

Другое: цi дадуць калi-небудзь беднякам зямлi?

Трэцяе: калi ўсiм людзям дазволена будзе вучыцца i малiцца на сваёй роднай мове?..

Пазней удзячны сын паставіць на магіле маці ў вёсцы Збочны дарагі чыгунны помнік. Гэты помнік захаваўся да сённяшніх дзён.

Пяць гадоў працаваў Кандрат Лейка настаўнікам у Косаве. Тут ён пачаў пісаць на роднай мове свае першыя вершы, датаваныя 1883 годам. Працаваць у Косаве было цяжка, дый не пераставалі балець ногі. А калі ён звярнуўся да доктара, той параіў яму памяняць месца жыцця на цёплы і сухі клімат. І ў 1884 годзе наш зямляк пераязджае ў Харкаўскую вобласць на Украіну.Там ён спачатку працуе настаўнікам у Лініўскім пачатковым народным вучылішчы, а пасля праз год быў пераведзены ў Аснавянскае народнае вучылішча.

У 1887 годзе ў двухпавярхоўным доме сваякоў украінскага пісьменніка Грыгорыя Квіткі-Аснаўяненкі ў Харкаве адкрылася вучылішча для сляпых дзяцей. Праз пяць гадоў вучылішча пераехала ў новы трохпавярховы корпус на Сумскую вуліцу. Гэты корпус быў пабудаваны па абразцу дрэздэнскай школы для сляпых дзяцей на грошы, якія былі сабраныя жыхарамі Харкава, а таксама за кошт мясцовага універсітэта. Начальнікам вучылішча ў новым корпусе быў прызначаны беларус Кандрат Тодаравіч Лейка.

З вялікай любоўю Кандрат Лейка ўзяўся за справу выхавання сляпых дзяцей. Ён уважліва вывучай іх псіхалогію, распрацаваў сваю методыку навучання. Для дзяцей, якія не бачылі, праводзіліся экскурсіі ў поле, у лес, ажыццяўляліся паездкі на экскурсіі ў Палтаву і ў Кіеў. Найбольш таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак на свій страх і рызыку ён пачаў навучаць музыцы.

У 1897 годзе вучылішча выпусціла 6 першых вучняў. Але ўсе яны паехалі да сваіх бацькоў і далей вучыцца ніхто з іх не пайшоў, а дома былыя вучні займаліся пляценнем карзін. Усё гэта бачыў іх начальнік і вельмі перажываў. Ён пачынае выношваць новыя планы падрыхтоўкі сваіх выхаванцаў і рыхтуе іх да паступлення ў гімназіі і ва універсітэты. Вучылішча пачынае працаваць па праграме пачатковых класаў гімназіі.

Працуючы ў Харкаўскім вучылішчы для сляпых дзяцей, Кандрат Лейка прайшоў спецыяльныя курсы ў Пецярбургу, а таксама слухаў лекцыі ў Харкаўскім універсітэце. Ён вельмі часта выступаў у друку з артыкуламі на розныя педагагічныя тэмы. Друкаваўся ў пецярбургскіх часопісе “Слепец” і газеце “Южный край”, а таксама ў харкаўскай перыёдыцы — газеце “Губернские ведомости” і “Южный край”. Некаторыя свае артыкулы падпісваў псеўданімам Мрачный.

1_liejka (4)

Газета “Харкаўскія ведамасці”, дзе друкаваўся Кандрат Лейка, 1889 г.

У 1893 годзе ў Харкаве Кандрат Лейка выдае сваю першую кнігу на рускай мове “Русская азбука. Учебник родной грамоты для классного и домашнего употребления”. Але ў Харкаве Кандрат Лейка не забываў і пра родную мову. У гэты час ён піша шмат паэтычных твораў, прысвечаных птушкам, хатнім жывёлам, а таксама сатырычныя вершы.

Ішоў студзень 1905 года і ў вучылішча для сляпых дзяцей уварваўся вецер рэвалюцыі ў Расіі. Вучні і настаўнікі абмяркоўвалі падзеі ў сваім горадзе, цікавіліся навінамі і нелегальнай літаратурай. Кандрат Фёдаравіч патураў ім. Аб гэтым даведаліся мясцовыя ўлады і звольнілі яго ад займаемай пасады за “опасное вольнодумство в вопросах воспитания слепых детей”. На яго месца прыйшоў нехта Захараў — чалавек далёкі ад педагогікі і выхавання. Пры ім усе новаўвядзенні , якімі ганарыўся Лейка, хутка зніклі, а вучылішча ператварылася ў “богоугодный приют”. Аднойчы нават каля кабінета новага начальніка адбыўся пратэст. Хлопчыкі і дзяўчынкі патрабавалі, каб у вучылішчы было ўсё, як пры Кандрату Тодаравічу Лейку, найперш — прагулкі па горадзе, спартыўныя мерапрыемствы, экскурсіі.

Цяжка сёння адказаць: ці дабіліся былыя гадаванцы нашага земляка сваіх патрабаванняў, але Кандрат Лейка ў вучылішча больш не вярнуўся.

Гэтая навучальная ўстанова для сляпых дзяцей існуе ў Харкаве і сёння. Але называецца яна інакш. Цяпер гэта абласная спецыяльная гімназія-інтэрнат для сляпых дзяцей імя У.Г.Караленкі.

Пасля Харкаўскага вучылішча для сляпых дзяцей Кандрат Лейка пэўны час працуе выкладчыкам рускай мовы ў Елісаветградскім камерцыйным вучылішчы, а пасля ў адной з прыватных жаночых гімназій.

У 1911 годзе наш зямляк пераязджае ў горад Валкі Харкаўскай губерні і ўладкоўваецца на працу ў мясцовае павятовае ведамства на пасаду загадчыка навучальнага аддзела. Гэта быў самы плённы і шчаслівы час для Кандрата Лейкі. Праўда, калі не лічыць смерць ягонай маладой жонкі. Яна памерла падчас родаў у 1916 годзе. Дактарам удалося толькі выратаваць сына Віталя, якога маленькага на выхаванне забрала на Палтаўшчыну Анастасія Васільеўна Пеліпенка — родная сястра жонкі Кандрата Лейкі.

У Валках Кандрат Лейка наладжвае шчыльныя сувязі з Бацькаўшчынай. Ён перапісваецца з беларускімі дзеячамі і літаратарамі Лявонам Дубяйкоўскім, Гальяшом Леўчыкам, Янкам Купалам, з рознымі беларускімі таварыствамі і камітэтамі, а таксама з рэдакцыямі беларускіх газет і часопісаў. Шмат піша і перакладае з украінскай мовы на беларускую. Свае творы дасылае ў Вільню, а з кастрычніка 1911 года друкуецца ў “Нашай ніве” — апавяданне “Успамін” і верш “Зязюлька”. На старонках “Нашай нівы” з’яўляюцца яго апавяданні “Кульгавы дзядзька Раман”, “Таклюся-сухотніца”, “Лес шуміць”, Панас Крэнт”, “Абмылка”, “Пан Трудоўскі”, верш “Навальніца” і іншыя творы. Друкуецца таксама ў “Беларускім календары на 1916 год”, у “Гомане”, “Беларускай думцы”, пазней — у “Нашай думцы”.

У сваіх апавяданнях і вершах Кандрат Лейка апісваў унутраны свет сваіх герояў, расказваў пра сацыяльныя канфлікты рэчаіснасці. Творы яго па-свойму філасофскія і псіхалагічныя, а таксама разнастайныя па жанру і тэматыцы. Некаторыя з іх, асабліва вершы, напісаныя з гумарам, з баечнай мараллю, з элементамі выкарыстання фальклору. Максім Гарэцкі некалі напіша пра Кандрата Лейку: “Надта здольны нашаніўскі апавядальнік”.

У 1912 годзе ў Вільні асобнай маленькаю кніжачкай выходзіць з друку п’еса Кандрата Лейкі для дзяцей “Снатворны мак”, якую ён прысвяціў вясковым дзецям Слонімскага павету. Яна паклала пачатак беларускай нацыянальнай драматургіі для дзяцей.

У 1917 годзе хвароба ног, якой захварэў у юнацтве, дала пра сябе знаць. А праз год Кандрата Лейку спаралізавала. У чэрвені 1918 года пляменнікі перавязлі яго ў горад Здалбунаў на Валынь да роднага брата Івана.

Пісьменнік моцна перажываў, найперш тое, што быў прыкаваны да ложка і не змог бачыцца са сваім маленькім сынам Віталем, якога часта наведваў на Палтаўшчыне. Ды і матэрыяльнае становішча стала жахлівым. Валынь перайшла пад Польшчу і пенсію, якую Кандрат Лейка атрымліваў праз Ровенскае казначэйства, палякі адмянілі. Таму апошнія тры гады ў Здалбунаве жыў ён за кошт дапамогі сяброў з Беларусі і Беларускага камітэта ў Варшаве. Землякі клікалі Кандрата дамоў у Гародню альбо на Слонімшчыну, але сіл вяртацца ўжо не было. “Падацца на Бацькаўшчыну, жыць там паміж сваіх братоў, умерці і легчы ў магілу на сваёй зямлі — о, яка б гэта была для мяне радасьць, шчасьце, але я не змагу гэтага выканаць, бо жыцьцё мяне зусім задавіла, а аб Маці-Айчыне магу цяпер толькі ў салодкіх марах успамінаць…”, — пісаў Кандрат Лейка ў адным са сваіх пісем Лявону Дубяйкоўскаму (“Наша ніва”, 1999, № 6).

Перад самай смерцю ён паспеў паслаць у Беларускае Навуковае Таварыства восем сшыткаў сваіх твораў з надзеяй, што таварыства выдасць іх асобнаю кнігаю пад загалоўкам “Засеўкі”. Пра кніжку ён марыў і ў 1914 годзе, калі атрымаў ліст ад Янкі Купалы, які паведамляў, што Беларускае Выдавецкае Таварыства ў Вільні хоча выдаць асобнаю кнігаю ягоныя творы. Але вершы і апавяданні Кандрата Лейкі асобным зборнікам свет так і не пабачылі, а многія з іх проста згубіліся. Ды і сам пісьменнік памёр у верасні 1921 года ў Здалбунаве на Украіне, дзе і быў пахаваны.

1_liejka (5)Крыж на магіле Кандрата Лейкі ў горадзе Здалбунаў Ровенскай вобласці.

Магіла нашага земляка знаходзіцца на адных са старых могілак Здалбунава. За ўсе гэтыя дзесяцігоддзі ніхто з беларускіх літаратараў там ніколі так і не пабываў. Толькі ў пачатку 1990-х гадоў Сяргею Чыгрыну пашанцавала адшукаць там яго магілу і сфатаграфаваць. Магіла беларускага пісьменніка ўжо зраўнялася з зямлёю і зарасла травою і кустамі. Толькі дзякуючы жалезнаму крыжу з шыльдачкаю ўдалося яе знайсці. На крыжы на ўкраінскай мове напісаны словы:

Нудьга його задавила

На чужому полю.

В чужу землю положила –

Такай ого доля.

К.Лейко

Світла памяць про Вас

Завжди буде жити

В серцях наших.

Родичи

Увесь час Кандрат Лейка хацеў вярнуцца на сваю Радзіму, памерці на роднай зямлі. Але гэта яго мара так і не збылася.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя