Наталля Дораш прадставіла свае “Фотагісторыі”
У гарадзенскім фотаклубе прайшло адначасова дзве імпрэзы ад фатографа і журналіста Наталлі Дораш. Гэта прэзентацыя фотаальбома “Гродзенскія фотагісторыі” і адкрыццё персанальнай выставы фотаздымкаў “Асяродак пражывання”. У альбоме – сотня чорна-белых здымкаў, якія паказваюць розныя бакі жыцця гораду. На здымках жыхары гораду рознага ўзросту, падзеі і святы, здымкі як канца ХХ стагоддзя, так і сучасныя, зробленыя ў апошнія гады.
Распавядае Наталля Дораш:
– Гэта прыклад таго, што цуды здараюцца. Гэта падарунак лёсу. Знайшла ў інтэрнэце такое выдавецтва “Юрсапрынт”. І пабачыла, якія выдатныя кнігі па гісторыі Гародні выдаюць. І я па інтэрнэту звярнулася да Аляксандра Аляксандравіча, дырэктара выдавецтва, і сказала: а вам слабо выдаць вось такі альбом?
Выдавец фотаальбома, галоўны рэдактар выдавецтва “Юрсапрынт”, Аляксандр Рыжы лічыць такі альбом унікальнай кнігай.
– У кнізе Наталлі Дораш самае адметнае – гэта простыя здымкі простых людзей, якіх мы бачым. Некалі яна працавала рэпарцёрам у нейкай будаўнічай газеце. Здымала будаўнікоў. Але шмат чаго не трапіла ў прэсу, бо была абмежаваная цэнзурай.
“Гродзенскія фотагісторыі” сталі першым фотаальбомам, які зрабіў сябра аматарскага фотаклуба ў Гародні і на яго прэзентацыю прыйшло амаль тры дзясяткі журналістаў і фатографаў з розных выданняў. А на фотавыставе 40 працаў Наталлі Дораш, частка з якіх патрапіла ў кнігу.
Беларускае Радыё Рацыя