Наталля Шыпіла: У нас няма тых людзей, якія сышлі з «Варгана»



Наталля Шыпіла – вядомая асоба на Полаччыне. Яна ад самага стварэння з’яўляецца спявачкай гурта беларускага аўтэнтычнага спеву «Варган». Сябра полацкага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне». 

РР: Наталля, як сёння ідуць справы з тваёй літаратурнай творчасцю? Ці былі сёлета нейкія новыя публікацыі?

Наталля Шыпіла: Зараз пішу мала. Але сёлета ў мяне атрымаўся такі прыгожы верш, у такой класічнай манеры. Мне самой ён вельмі спадабаўся. Бо да гэтага былі такія, ну дужа трэш нейкі, задужа эмацыйныя. А гэты атрымаўся вельмі ладны, прыгожы такі. Не ведаю. Але пакуль нешта не пішацца. Я думаю, павінен прайсці нейкі час, можа нават некалькі год. Каб ужо з новымі думкамі. Бо мы сталеем, мяняемся. І наша светаадчуванне мяняецца. І калі мы «саспеем», тады ўжо будзе нешта новае. Немагчыма пісаць пра тыя эмоцыі, якія былі ў цябе ў ранняй маладосці. Спачатку мы гэты вопыт назапасім.

РР: А твой брат Уладзімір працягвае актыўна друкавацца, сёлета друкаваўся ў часопісе «Верасень». А ты не плануеш нейкія новыя публікацыі?

Наталля Шыпіла: Апошняе што было, гэта публікацыя майго верша «Гаманіла мроя з марай…», я ўжо казала пра яго. Ён быў надрукаваны ў мясцовым друку. Я таксама яго падавала на нашую полацкую літаратурную прэмію Алеся Савіцкага. І мне далі дыплом. Што таксама прыемна. А так, няма столькі новага матэрыялу, каб кудысьці дасылаць. Мой брат, Уладзімір Шыпіла, ён сапраўды, я лічу, таленавіты паэт. І ў яго ўсё гэта ідзе няспынна. У яго вельмі розныя тэматыкі. І такія жартаўлівыя і глыбінныя. Ён гэтым жыве. А мне пакуль што, напэўна, трэба адпачыць.

РР: А вось ваш гурт «Варган», наколькі часта вы збіраецеся, наколькі часта вы выступаеце?

Наталля Шыпіла: Збіраемся даволі часта, звычайна гэта адна-дзве рэпетыцыі ў тыдзень. Летам у нас быў невялікі адпачынак. А цяпер шмат розных канцэртаў. У лістападзе ўдзельнічалі ў фестывалі ў Вільні. А таксама ў полацкім этнафэсце «Жывая даўніна». Зараз рыхтуемся да Калядаў.

РР: Ці павялічыўся склад вашага гурту за апошні час?

Наталля Шыпіла: У нас няма тых людзей, якія сышлі з «Варгана». Усе яны віруюць тут. Калі мы лічым колькасць удзельнікаў, дык іх, відаць, 20, можа і болей. Гэта вялікая сям’я. А склад асноўны – гэта чалавек 10-12. Да нас зноў далучыліся новыя людзі. Гэта, напрыклад, студэнты з Полацкага ўніверсітэта, якія вучацца на архітэктараў, гісторыкаў. Моладзь. І гэта вельмі важна, таму што гурт павінен мець маладую «кроў», якая ўсё прагне, якая ўсё хоча даведацца.

Як паэтка Наталля Шыпіла дэбютавала ў 2013 годзе на старонках часопіса «Дзеяслоў».

Цалкам размова:

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з Фэйсбука Наталлі Шыпілы.