Натхнёная прыродай. Яўгенія Янішчыц
Штогод у гэтыя лістападаўскія дні на Піншчыне ладзяцца мерапрыемствы па папулярызацыі творчасці знакамітай зямлячкі, паэтэсы Яўгеніі Янішчыц (1948-1988). 20 лістапада – нараджэнне “палескай ластаўскі”, як яе ласкава называў Ніл Гілевіч, а 25 лістапада – трагічная гібель. Вось такі “Янішчыцкі лістапад”…
Яскравую прадстаўніцу сучаснай беларускай літаратуры ўзгадвае і Радыё Рацыя. Летась быў падрыхтаваны вялікі фотаматэрыял: Імгненні жыцця Яўгеніі Янішчыц. Гэта ўнікальныя здымкі, якія захоўваюцца ў фондах Народнага літаратурнага музея імя паэтэсы ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна.
Яўгенія Янішчыц, Таіса Бондар, Ніл Гілевіч, Пімен Панчанка, 1983 год.
Сёлета прыгадаем невялікую нататку пінскага краязнаўцы, эколага і фатографа Аляксея Дуброўскага (1945-2011). Для гэтага звернемся да ягонага фотаальбома “Край пад белымі крыламі”, які пабачыў свет у 2006 годзе, а менавіта да раздзелу “Натхнёная прыродай”. Так казаў краязнаўца пра Янішчыц.
(…) Мне здаецца, што беларусы яшчэ не да канца адкрылі Яўгенію Янішчыц, яе лірыку, любоў да роднага краю, людзей Палесся. І я не вельмі захапляўся паэзіяй. Але да гэтага фотаальбома спатрэбілася назва, якая адпавядала бы яго мэце. Узяў зборнік вершаў Жэні і знайшоў такі радок: “Тут чараты, і гаць, і гай навідавоку…”. Цудоўныя словы, але толькі пра балоты і лясы, а сюжэт значна шырэй. Аднак яе лірыка і асаблівае бачанне навакольнай прыроды мяне ўразілі. Чым больш адкрываў паэтычных старонак, тым больш выспявала думка аб нашым сваяцкім разуменні жыцця палешукоў сярод унікальнай палескай прыроды. Паэтэса мела свой непаўторны і выразны лірычны талент. Сваёй усхваляванасцю, каторая праходзіць праз сэрца, бярэ чытача за душу. Ліра яе пачалася з любові да прыроды і яе ландшафтаў.
Прыедзь у край мой ціхі. Тут продкаў галасы, Тут белыя бусліхі І мудрыя лясы.
Нарадзілася Яўгенія Янішчыц у вёсцы Рудка Пінскага раёна 20 лістапада 1948 года і сышла з жыцця нечакана праз 40 год у лістападзе 1988 года, пакінуўшчы ў роздуме і разгубленасці сяброў і сваякоў. Вёскі Велясніца, Парэчча – месцы яе дзяцінства і школьных гадоў. Шмат увагі ў сваіх вершах надавала землякам і сваякам. Вось, як яна звяртаецца да сваёй маці:
Мама, сею не жыта я, сею не лён. Але з лёну і жыта я словы складаю. І калі ўглядаюся ў парасткі дзён – Чую крокі твае. І свае вымяраю.
Літаральна перад самым выхадам фотаальбома я пазнаёміўся з яе маці – Марыяй Патапчук. Чалавек яснага розуму – сапраўдны сельскі філосаф. Я толькі слухаў. Яна доўга мне расказвала аб сэнсе жыцця, аб Апакаліпсісе, Настрадамусе, былой некранутай прыродзе ў ваколіцах…
Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц – адна з самых яскравых і таленавітых прадстаўнікоў беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя. У 1971 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ. Працавала літкансультантам у “Сельскай газеце” ды загадчыкам аддзела паэзіі часопіса “Маладосць”. У 1981 годзе ўдзельнічала ў працы XXXVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1980-я гады чалец праўлення і прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі ды дэпутат райсавета Савецкага раёна Менска. Аўтарка дзясятка паэтычных зборнікаў. Яе творы перакладзеныя на два дзясяткі моў свету.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя