Нацбібліятэка працягвае пошукі разрабаваных гістарычных кнігазбораў



Нацыянальная бібліятэка працягвае пошукі разрабаваных у 18, 19, пачатку 20-га стагоддзя кніжных збораў Беларусі. Кнігі з гэтых збораў апынуліся ва ўсіх суседніх краінах і нават у Фінляндыі. Частка славутага радзівілаўскага кніжнага збору сёння захоўваецца ў бібліятэцы Хельсінскага ўніверсітэта.

Кажа намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша:

– Так ці іначай сёння радзівілаўскі кнігазбор у размеркаваным выглядзе можна знайсці і ў Расеі, і ў Польшчы, і ў Літве, і нават у Фінляндыі. Літаральна нядаўна нашыя супрацоўнікі акурат ездзілі ў Хельсінскі, куды ў пачатку 19-га стагоддзя з Пецярбурга перадалі частку радзівілаўскай бібліятэкі пры стварэнні мясцовага ўніверсітэта. З фінамі мы таксама ўмеем дамаўляцца, сёння большасць з гэтых выданняў ужо адлічбаваная і мы можам з імі працаваць.

Найбольш пашанцавала кніжнаму збору Храптовічаў са Шчорсаў, – кажа Алесь Суша, – напачатку 20 стагоддзя бібліятэка практычна цалкам была перавезена ў Кіеў, дзе сёння захоўваецца. Але большасць беларускіх гістарычных кнігазбораў расцярушана па ўсім свеце.

Некаторыя кнігі з гістарычных кнігазбораў удалося вярнуць у Беларусь.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя