Нацбібліятэцы перададуць факсімільнае выданне Лаўрышаўскага Евангелля
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 1 сакавіка пройдзе прэзентацыя і ўрачыстая перадача ў дар факсімільнага выдання Лаўрышаўскага Евангелля.
„Унікальны рукапісны помнік ранняга перыяду гісторыі Вялікага Княства Літоўскага дзякуючы выдавецкаму ўзнаўленню стаў даступны даследчыкам і аматарам спадчыны беларускага Сярэднявечча. Факсімільнае выданне выйшла ў свет у канцы 2018 гадоў ў кіеўскім выдавецтве „Горобець” ва Украіне. Лаўрышаўскае Евангелле стала гістарычнай каштоўнасцю чатырох краін – Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны”, – расказалі ў Нацбібліятэцы.
Лаўрышаўскае Евангелле – рукапісны помнік кніжнай культуры ХІІІ-XIV стагоддзяў. Быў створаны для праваслаўнага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра пад Наваградкам, пра што сведчаць укладныя (дароўныя) запісы, якія знаходзяцца ў кнізе. Лаўрышаўскае Евангелле мае асаблівае мастацкае афармленне: ілюстравана мініяцюрамі, пераплёт упрыгожаны каштоўнымі камянямі і фігурнай металічнай пласцінай з выявай святога воіна, магчыма, князя Войшалка.