Нацыя кніг. Статут 1588 і старадрукі



Некалькі дзясяткаў старадаўніх кніг прадстаўлены на выставе „Нацыя кніг. Статут 1588 і старадрукі”, якая адкрылася 27 верасня ў магілёўскай ратушы.

Гэта выстава ўпершыню арганізавана ў Магілёве сумесна Музеем гісторыі горада, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Яна прысвечана 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і пяцігоддзю вяртання ў Беларусь аднаго з асобнікаў знакамітага Статута ВКЛ.

„Выставу мы падзялілі на дзве часткі. Першы этап прайшоў і ўжо завяршыўся ў Менску. Кнігі былі прадстаўлены ў музеі гісторыі беларускай літаратуры. А сёння яна з’явілася ўжо ў Магілёве. У далейшым яна будзе перафарматаваная. Кнігі з Мінска застануцца ў экспазіцыі, а нашы экспанаты вернуцца на сваё месца”, — сказаў на адкрыцці дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў, адзначыўшы, што выстава будзе працаваць да 22 кастрычніка.

„Выстава „Нацыя кніг” задумвалася даўно. Я лічу, што беларусы — гэта нацыя кніг. Тут спрадвеку пісалі кнігі, перапісвалі, друкавалі, перадрукоўвалі. І самае галоўнае — чыталі гэтыя кнігі. І на сённяшні дзень мы адна з нацый у свеце, якія найбольш чытаюць”, — заявіў журналістам дырэктар Дзяржаўным музея гісторыі беларускай літаратуры Дзмітрый Яцкевіч. Ён падкрэсліў, што і ў мінулым існавала, і ў нашы дні ёсць патрэба ў мецэнатах, дабрачынцах, дапамога якіх дазваляе друкаваць і перадрукоўваць кнігі, вяртаць іх на радзіму.

Паводле слоў Яцкевіча, 500 гадоў кнігадрукавання — гэта не толькі Біблія, выдадзеная Скарынам, і Статут ВКЛ, але і працяг традыцый. „Мы не маглі не выставіць што-небудзь новае. Гэта кнігі Магілёўскай рымска-каталіцкай кансісторскай друкарні. Гэта яшчэ раз падкрэслівае моцныя традыцыі кнігадрукавання, якія існавалі ў Беларусі, і ў Магілёве ў прыватнасці. І што не толькі Магілёўская брацкая друкарня, якая існавала больш чым 150 гадоў, друкавала кнігі, але і пазней, у Расейскай імперыі гэтыя традыцыі працягваюцца. А гэтыя кнігі вельмі добра ўпісаліся ў тыя традыцыі, якімі славіліся тры нашы езуіцкія друкарні ў Полацку, Нясвіжы і Вільні”, — сказаў дырэктар музея гісторыі беларускай літаратуры.

Акрамя таго, на выставе прадстаўлены абраз Маці Божай Магілёва-Брацкай. Па сцвярджэнні Яцкевіча, на ім добра бачныя асаблівасці блакітнага ўбрання, што адрознівае выяву ад іншых такіх абразоў. Яшчэ адным адкрыццём для гасцей выставы стала паменшаная копія друкаванага станка часоў Скарыны, зробленая вучнем 5-га класа менскай гімназіі Маркам Кодзеневым.

„Я спадзяюся, што традыцыя правядзення сумесных выстаў застанецца запатрабаванай, і мы будзем працягваць сумесную працу, каб больш людзей маглі пазнаёміцца з фондамі, з тымі экспанатамі, якія захоўваюцца ў нашых музеях”, — заявіў Дзмітрый Яцкевіч.

belapan.com