Нацыяльнальная бібліятэка Беларусі адзначае 15-годдзе свайго Музея кнігі
Музей кнігі — знакавая экспазіцыйная прастора, якая з’явілася ў новым будынку галоўнай бібліятэкі краіны ў 2006 года. «За час сваёй працы ён стаў яркай візітнай карткай Нацыянальнай бібліятэкі. У экспазіцыі прадстаўлены рукапісы, старадрукі і рэдкія выданні, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай нацыянальнай і сусветнай кніжнай спадчыны. За 2006-2021 гады ў музеі былі рэалізаваны сотні цікавых выставачных праектаў. Місія Музея кнігі, як і пятнаццаць гадоў таму, застаецца нязменнай: папулярызаваць і набліжаць да шырокай аўдыторыі ўнікальныя каштоўныя помнікі кніжнай культуры», — адзначылі ў НББ.
Да 15-годдзя музея ў бібліятэцы правядуць некалькі мерапрыемстваў. «9 верасня адбудзецца круглы стол „Музей кнігі. 15 гадоў“. Падчас мерапрыемства плануецца абмеркаванне ролі музея ў папулярызацыі беларускай кніжнай культуры, вылучэнне праблем і інавацыйных падыходаў, дыскусія аб перспектывах і кірунках далейшай дзейнасці. Да ўдзелу запрашаюцца супрацоўнікі музеяў і бібліятэк, навуковых і адукацыйных устаноў, даследчыкі», — распавялі арганізатары.
У той жа дзень адкрыецца выстава «5+5+5», на якой прадставяць пяць рукапісаў, пяць старадрукаў і пяць рэдкіх выданняў. «Гэта 15 сапраўдных рарытэтаў з фондаў бібліятэкі, якія выключна рэдка пакідаюць фондасховішча», — падкрэслілі ў НББ. Прадоўжыцца выстава па 24 кастрычніка.
«Акрамя таго, у гонар юбілею і з мэтай развіцця ў дзяцей і моладзі любові да кнігі, творчасці, выхавання гонару за дасягненні і багатыя традыцыі беларускай кніжнай культуры пройдзе конкурс „Музей кнігі — мой музей!“. Да ўдзелу запрашаюцца дзеці ад 6 да 16 гадоў. Прымаюцца працы да 17 кастрычніка. Умовы конкурсу будуць анансаваныя на партале бібліятэкі дадаткова», — дадалі арганізатары.
У НББ таксама нагадалі, што да 15-годдзя Музея кнігі і 100-годдзя бібліятэкі падрыхтавана выстава вынікаў конкурсу «Малады беларускі Экслібрыс». Наведаць выставу і пазнаёміцца з конкурснымі работамі можна да 3 кастрычніка ў Музеі кнігі.