Нацыянальная бібліятэка адкрыла доступ да лічбавых копіяў рэдкіх дакументаў



Нацыянальная бібліятэка Беларусі адкрыла доступ да больш за 2,5 тысячы лічбавых копіяў рэдкіх і старадрукаваных дакументаў са сваёй калекцыі.

Спадзяёмся, што доступ адкрыты назаўсёды. Мы доўга да гэтага ішлі, – паведаміў намеснік дырэктара бібліятэкі Алесь Суша:

– Дзякуючы гэтаму, кола чытачоў бібліятэкі сёння вось у такім віртуальным фармаце вельмі пашыралася. Гэта новыя формы супрацы, якія нам вельмі падабаюцца. То бок гэта таксама новы фармат, ён вельмі зручны. Натуральна, мы вельмі актыўна працуем над стварэннем электроннай бібліятэкі, якая ўжо сёння часткова даступная анлайн, часткова недаступная. І ідзе істотны рух у плане стварэння нацыянальнай электроннай бібліятэкі, якая, сапраўды, магла б вырашыць шматлікія пытанні.

Сярод дакументаў, якія з’явіліся ў віртуальным доступе, выданні Францыска Скарыны, Лаўрэнція Зізанія, Сымона Полацкага, Пятра Мсціслаўца. Значную частку займаюць кніжныя зборы XVI-XVII стагоддзяў, выдадзеныя ў Вільні, Супраслі, Гародні, Кіеве.

Карыстальнікі маюць магчымасць убачыць унікальныя кнігі вядомых беларускіх аўтараў – Максіма Гарэцкага, Алаізы Пашкевіч, Якуба Коласа, Янкі Купалы, надрукаваныя ў пачатку ХХ стагоддзя. Сярод іх значнае месца займае зборнік паэзіі “Вянок”, асаблівая каштоўнасць якога – у дароўным надпісы, зробленым рукой Максіма Багдановіча.

Для пошуку і прагляду выданняў скарыстайцеся электронным каталогам на партале бібліятэкі.  Дакументы, якія маюць лічбавую копію, адзначаны спасылкай “E-дакумент”. 

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота websmi.by