Нацыянальная бібліятэка акрэдытаваная як навуковая арганізацыя



Нацыянальная бібліятэка Беларусі (НББ) прайшла пераакрэдытацыю як навуковая арганізацыя. Адпаведнае пасведчанне Нацыянальнай акадэміі навук і Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях кіраўніцтва бібліятэкі атрымала 19 снежня 2018 года, паведамляе прэс-служба НББ.

Пасведчанне аб акрэдытацыі бібліятэкі ў якасці навуковай арганізацыі дзейнае да 19 снежня 2023 года.

Галоўная беларуская бібліятэка была заснаваная 15 верасня 1922 года і першапачаткова называлася Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкай. З моманту заснавання размяшчалася ў сталічным Юбілейным доме (зараз там прадстаўніцтва патрыярха Маскоўскага ў Мінску і храм у гонар Святых Кірыла і Мяфодзія).

У 1932 годзе бібліятэка пераехала ў спецыяльна ўзведзены для яе будынак на вуліцы Чырвонаармейская (цяпер там знаходзіцца Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу) і была рэарганізаваная ў Дзяржаўную бібліятэку імя Леніна і Бібліяграфічны інстытут БССР.

У маі 1992 года перайменаваная ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. У сакавіку 2002 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб будаўніцтве новага будынка НББ, які быў адкрыты летам 2006-га ў сталічным мікрараёне Усход.

Сёння фонд НББ налічвае прыблізна 10 млн кніг, перыёдыкі і электронных матэрыялаў. У бібліятэцы захоўваецца звыш 90 тыс. рэдкіх старадрукаў і рукапісаў, самыя раннія з якіх датуюцца XIV стагоддзем, а таксама паўмільёна нацыянальных дакументаў, што выдаваліся на беларускай тэрыторыі з пачатку XIX стагоддзя.

Асаблівую каштоўнасць уяўляюць пераплеценыя ў адзін пераплёт дзесяць кніг пражскай Бібліі Францыска Скарыны 1517 года („Кніга Іова”), якія захоўваюцца ў бібліятэцы.

belapan.by