Нацыянальная бібліятэка Беларусі прапануе чытачам віртуальныя сэрвісы



Нацыянальная бібліятэка Беларусі прапануе чытачам скарыстацца сваімі віртуальнымі сэрвісамі, каб атрымаць усю неабходную інфармацыю не выходзячы з дома, паведамілі  ў НББ.

«Віртуальныя сэрвісы даўно і надзейна служаць карыстальнікам Нацыянальнай бібліятэкі – гэта эканомія часу і сіл, якасная і аўтарытэтная інфармацыя, – расказалі ў НББ. – Віртуальныя даведачныя службы «Спытай бібліятэкара»,  «КОРУНБ: міжнародная віртуальная даведачная служба», «Віртуальны цэнтр прававой інфармацыі» даюць магчымасць атрымаць бясплатную кваліфікаваную дапамогу бібліятэкараў. А праз «Віртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацый» адкрыты свабодны доступ да інтэрнэт-рэсурсаў такіх арганізацый і іх дакументаў».

Даступны анлайн і электронныя інфармацыйныя рэсурсы. Базы дадзеых рознай тэматыкі адкрываюць доступ да падборак электронных бібліятэк, архіваў, анлайн-энцыклапедый і пошукавых сістэм з усяго свету. Рэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі, арганізацый-партнёраў і ліцэнзійныя рэсурсы сусветных вытворцаў даступны не толькі з бібліятэкі. Незалежна ад месцазнаходжання і часу сутак у любога карыстальніка ёсць магчымасць знайсці патрэбныя яму кнігі, перыядычныя выданні, ноты і іншыя дакументы.

Даступны аддалена і платныя паслугі. Служба «Электронная дастаўка дакументаў» дае магчымасць заказу лічбавых копій фрагментаў дакументаў з фондаў НББ. З дапамогай сэрвісу «Складанне спісу літаратуры па тэме» можна заказаць прафесійны пошук літаратуры ў адпаведнасці з зададзенымі параметрамі. А сэрвіс «Рэдагаванне бібліяграфічнага спіса да навуковай працы» дазваляе аформіць заказ аддалена і атрымаць адрэдагаваны спіс на электронную пошту. Гатовы тэкст дысертацый, курсавых і дыпломных работ, рэфератаў, артыкулаў можна праверыць аддалена на арыгінальнасць з дапамогай сэрвісу «Праверка тэкставых дакументаў на наяўнасць запазычанняў». Таксама магчыма атрымаць дапамогу спецыялістаў у індэксаванні дакументаў і вызначэнні публікацыйнай актыўнасці аўтара або арганізацыі.

НББ таксама прапануе прайсціся па чытальных залах або зазірнуць у кнігасховішча, не выходзячы з дому: віртуальныя экскурсіі азнаёмяць з архітэктурнымі асаблівасцямі і дзейнасцю бібліятэкі. Матэрыялы да экскурсій з цыкла «Славутыя імёны Бацькаўшчыны» раскажуць пра жыццё і творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Янкі Маўра, Уладзіміра Караткевіча: прэзентацыі і віктарыны па творах аўтараў даступны для спампавання на партале бібліятэкі. З віртуальнымі праектамі і выстаўкамі карыстальнікі могуць знаёміцца ў любы час.

БелТА