Нацыянальная бібліятэка раскрые таямніцы Берасцейскай Бібліі
Першым мерапрыемствам XXVII Менскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу стане прэзентацыя выдавецкіх праектаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прысвечаных галоўнай кнізе 2019 года – Берасцейскай Бібліі.
Факсімільнае выданне Берасцейскай Бібліі 1563 года выклікала сапраўдны інфармацыйны бум. Яе прэзентацыі прайшлі не толькі ў розных гарадах Беларусі, але таксама і на сусветных кніжных выстаўках і кірмашах, напрыклад, у Франкфурце-на-Майне і Маскве. Апублікаванае Нацыянальнай бібліятэкай факсіміле стала самым вялікім выданнем за ўсю гісторыю беларускай кніжнасці. Усё гэта толькі павялічыла цікавасць да знакамітага кніжнага помніка, аднак не раскрыла шматлікіх яго таямніц. У сувязі з гэтым Нацыянальная бібліятэка падрыхтавала яшчэ тры выданні, якія будуць прадстаўлены публіцы.
Першае – гэта толькі што выпушчаная навуковая манаграфія аўтарства намесніка генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алеся Сушы, якая прыадкрывае шэраг невядомых і малавядомых старонак у гісторыі знакамітай кнігі. «Добра ілюстраваная манаграфія не толькі апісвае абставіны стварэння гэтага кніжнага помніка, але і спрабуе асэнсаваць яго значнасць не толькі як твора мастацтва, паліграфічнага шэдэўра, рэлігійнай каштоўнасці, літаратурнай і навуковай працы нашых продкаў, але і важнага артэфакта сучаснасці», – расказалі ў НББ.
Другое – гэта камплект рэпрадукцый найбольш прыгожых і прадстаўнічых старонак Берасцейскай Бібліі, якія выкананы ў арыгінальным памеры і перадаюць усю значнасць рарытэта XVI стагоддзя. Трэцяе – гэта электроннае выданне, прысвечанае Берасцю, яго гісторыі і культурнай спадчыне, у якім можна азнаёміцца і з матэрыяламі пра Берасцейскую Біблію.
Прэзентацыя адбудзецца 5 лютага на цэнтральнай пляцоўцы Нацыянальнага стэнда Беларусі адразу пасля ўрачыстага адкрыцця XXVII Менскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.