У Нацбібліятэцы – унікальная калекцыя кніг з аўтографамі



Нацыянальная бібліятэка Беларусі паслядоўна і старанна стварае сваю калекцыю кніг з аўтографамі. Сёння ў гэтай калекцыі аўтографы не толькі вядомых беларускіх пісьменнікаў, але і славутых сусветных дзеячаў мастацтва.

Кажа намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша.

– У фондах бібліятэкі захоўваецца безліч выданняў з аўтографамі вядомых асобаў, як нацыянальных, беларускіх, гэтак і сусветных. Натуральна аўтографы Барадуліна, Быкава, Брыля, Коласа, Купалы і іншых – у нас вельмі шырока прадстаўлены. Але ёсць аўтографы і Пікаса, і Сальвадора Далі, і Марка Шагала нават далёка не адзін, і Рамэна Ралана, і Віктара Гюго і многіх-многіх іншых.

З гэтай калекцыяй працуюць не толькі беларускія даследчыкі, але і навукоўцы са ўсяго свету.

Кажа Алесь Суша:

– Многія з гэтых калекцый вывучаюцца замежнымі даследчыкамі, як заходнееўрапейскімі, так і расейскімі. Ёсць вельмі цікавыя творы, напрыклад, расейскіх паэтаў, якія зафіксаваныя ў рукапісным выглядзе ў якасці аўтографаў на нашых кнігах, якія не ўвайшлі ў зборы твораў гэтых пісьменнікаў. Для нас гэта таксама ў пэўнай ступені і гонар, і радасць, што мы здолелі многае захаваць.

Апошнім часам усе гэтыя матэрыялы адлічбоўваюцца і робяцца даступнымі для даследчыкаў у інтэрнэце.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара