Нацыянальны адборачны тур „Еўрабачанне-2019”: 113 выканаўцаў з 15 краін
Заяўкі на ўдзел у Нацыянальным адборачным туры конкурсу песні „Еўрабачанне-2019” паступілі ад 113 выканаўцаў з 15 краін, паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.
Прыём заявак завяршыўся 31 студзеня. Пазмагацца за права прадстаўляць Беларусь на песенным конкурсе ў Ізраілі акрамя беларускіх грамадзян вырашылі выканаўцы з Расеі, Украіны, Польшчы, Румыніі, Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Вялікабрытаніі, Швецыі, ЗША, Канады, Латвіі, Ізраіля, Нігерыі. Праслухоўванне прэтэндэнтаў адбудзецца 4 лютага.
Як адзначылі ў прэс-службе, з 22 па 31 студзеня была пададзеная рэкордная за апошнія 7 гадоў колькасць заявак. У 2018 годзе было 93 жадаючых удзельнічаць у „Еўрабачанні” ад Беларусі, у 2017-м — 67.
Заяўкі ўсіх прэтэндэнтаў будуць правераныя арганізатарамі на прадмет адпаведнасці ўмовам палажэння аб нацыянальным адборы.
У спісе прэтэндэнтаў ёсць як пачаткоўцы, так і ўдзельнікі адбораў на дарослае і дзіцячае „Еўрабачанне” мінулых гадоў: Зена, Анжаліка Пушнова, Michael Soul, Alen Hit, Наталля Кудрына, Дзіяна Громава, групы Aura, „PROвакацыя” і Napoli.
З найбольш вядомых на міжнароднай арэне музыкаў на нацадбор заявіліся шведскі рок-гітарыст і вакаліст Себасцьян Роос. З Вялікабрытаніі прыедзе дуэт Daz Sampson & Nona з песняй „Дзіўныя чаравікі”, з Румыніі — спявак Mihai Traistariu. Абодва прэтэндэнты прадстаўлялі свае краіны на „Еўрабачанні-2006”. Хочуць патрапіць у фінал удзельнікі расійскага тэлепраекта „Дом-2” Віталь Варанко і Арцём Сарока.
4 лютага фокус-група падвядзе вынікі адборачнага тура. Простай большасцю галасоў будуць вызначаны 10 выканаўцаў для ўдзелу ў фінале. Колькасць удзельнікаў, адабраных для фіналу, можа быць змененая рашэннем арганізатара па прапанове фокус-групы.
Фінал павінен адбыцца не пазней за 8 сакавіка ў прамым эфіры ў форме шоў. Пераможца вызначыцца шляхам падсумоўвання балаў, выстаўленых членамі прафесійнага журы кожнаму ўдзельніку. Галасаванне журы будзе праводзіцца публічна. Фіналіст, які набраў найбольшую колькасць балаў па выніках галасавання, будзе абвешчаны пераможцам і стане афіцыйным прадстаўніком Беларусі на міжнародным конкурсе.
„Еўрабачанне-2019” пройдзе ў траўні ў Тэль-Авіве (Ізраіль). Паўфіналы адбудуцца 14 і 16 траўня, фінал — 18 траўня.
belapan.by