НАУ заклікае далучацца да Мiжнароднага тыдня беларускай культуры



Упершыню стартуе Міжнародны тыдзень беларускай культуры. Ініцыятарам стала Беларуская рада культуры, зарэгістраваная ў Таліне. Імпрэзы пройдуць у дзясятках краінаў свету як у анлайн-, так і ў афлайн-фармаце.

З гэтай нагоды кiраўнiк НАУ, былы міністр культуры і былы дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка выступіў з адмысловым зваротам:

– Зараза мы адкрываем Міжнародны тыдзень беларускай культуры, каб паказаць нам, беларусам, паказаць усяму свету, што беларуская культура жыве, яна развіваецца і будзе жыць. Да гэтага нас натхняюць і славуты Янка Купала, і Якуб Колас, і  Уладзімір Караткеіч, і Васіль Быкаў, і Ніл Гілевіч, і Максім Багдановіч, і Ліза Ажэшка і шмат хто яшчэ з выбітных дзеячоў нашай культуры мінулага. Але і сённяшнія музыкі, мастакі, творцы, артысты. Тыя, хто стварае сённяшнюю культуру, дае нам надзею на тое, што мы пераможам. Бо калі жыве культура, то жыве народ. Калі жыве народ, то жыве і нашая дзяржава. 

У сваім звароце Латушка таксама згадвае, што Купалаўскі тэатр летась планаваў завітаць у Варшаву, але цяпер ён фактычна знішчаны рэжымам.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне ў сваім тг-канале пералічае наступныя варыянты ўдзелу ў Міжнародным тыдні беларускай культуры:

• прачытаць верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?» і апублікаваць запіс з тэгам #by_culture;

• ускласці кветкі да помнікаў беларускіх дзеячаў культуры (напрыклад, да помніка Купалы 7 ліпеня);

• калі вы жывяце ў іншых краінах, узняць наш сцяг над вашымі мэрыямі, знакавымі мясцінамі, прыватнымі дамамі;

• распавесці пра любімага сучаснага беларускага артыста ў сацсетках;

• сплесці вянкі;

• адсвяткаваць Купалле: запусціць феерверкі, намаляваць уласную Папараць-кветку і загадаць галоўнае жаданне!

Беларускае Радыё Рацыя