„Navi” выступяць у 10 гарадах Беларусі



Гурт “Navi” – адзіны беларускамоўны фіналіст адборачнага тура на «Еўрабачанне-2016» – праедзе з выступленнямі па ўсёй краіне. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе “Альфа-Банка” (Беларусь), які падтрымаў імправізаваную промаакцыю «Вясна iдзе!».

eda0kF0uIu0Музыкі перамаглі ў альтэрнатыўным галасаванні, якое праводзіў “Альфа-Банк” напярэдадні нацыянальнага фіналу. Карыстальнікамі сацыяльных сетак прыйшлося даспадобы рашэнне музыкаў выступаць на беларускай мове з запамінальнай песняй «Гэта зямля». У Швецыю выканаўцы ўсё ж не паедуць, але затое іх чакае месячная паездка па Беларусі: банк падтрымаў «альфа-тур» у рамках промаакцыі па буйных гарадах краіны.

Музыкі Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук праспяваюць у 10 гарадах Беларусі. Першы выступ адбудзецца 4 сакавіка ў Салігорску. Тур працягнецца ў Віцебску (12 сакавіка), Наваполацку (13 сакавіка), Гомелі (17 сакавіка) і Мазыры (20 сакавіка). Пасля невялікага перапынку гурт наведае Магілёў (26 сакавіка) і Бабруйск (27 сакавіка). Таксама іх можна будзе пачуць у Гародні (1 красавіка) і Берасці (2 красавіка), а завершыцца акцыя 3 красавіка ў Баранавічах.

Серыя выступленняў у гарадах Беларусі прысвечана абуджэнню прыроды і стане своеасаблівым гуканнем вясны. Трапіць на акцыі можна бясплатна, пройдуць яны ў гандлёвых цэнтрах. Музыкі запрашаюць на свае выступленні ўсіх, хто чакае вясну і каму неабыякава беларуская музыка і культура. нави«Наша сяброўства з “Navi” пачалося ў фінале нацыянальнага адбору на “Еўрабачанне”, калі іх песня ў сацсетках банка сабрала больш за 2 тысячы галасоў. Яны гучаць жыццярадасна і меладычна, на самой справе па-вясноваму, – упэўнены прэс-сакратар “Альфа-Банка” (Беларусь) Віталь Жаголкін. – Фармат выступленняў вельмі нефармальны: імправізаваная сцэна, вольны ўваход, жывыя зносіны, усмешкі і завадныя песні. Многія беларусы зараз змогуць літаральна пазнаёміцца з “Navi”, якія нясуць сонечны пазітыў і вясновую энергію».

«Мы першапачаткова хацелі неяк па-асабліваму сустрэць надыход вясны. І, на шчасце, нашу ідэю падтрымалі ў “Альфа-Банку”. Мы выканаем песні на дзвюх мовах – беларускай і рускай. Жыхары абласных і раённых цэнтраў змогуць бясплатна пабываць на канцэрце, пазнаёміцца з намі і нашай творчасцю. Магчыма, гэта стане для нас добрай традыцыяй у будучыні», – прызнаўся Арцём Лук’яненка.

Гурт “Navi” з’явіўся ў ліпені 2013 года, а ўжо ў кастрычніку таго ж года правёў свой першы сольны канцэрт. Яны паспяхова выступаюць на музычных конкурсах і з’яўляюцца ўладальнікамі нацыянальнай прэміі «Ліра». У фінале беларускага «Еўрабачання» яны выступілі з песняй «Гэта зямля».

Беларускае Радыё Рацыя