“Naviband” выступяць у падтрымку людзей з інваліднасцю з дамоў-інтэрнатаў
Асамблея НДА і платформа для правядзення анлайн-канцэртаў Artist.gives радыя прадставіць акустычны інтэрв’ю-канцэрт з акцэнтам на сацыяльны складнік. 11 чэрвеня а 20.00 адбудзецца акустычны канцэрт-размова гурта “Naviband”.
Разам з Ксюшай і Арцёмам можна будзе абмеркаваць сітуацыю, у якой аказаліся слабыя і ўразлівыя грамадзяне — дзеці і людзі з інваліднасцю, якія жывуць у дамах-інтэрнатах. Іх голас не чутны за зачыненымі на самаізаляцыю дзвярыма інтэрнатаў, і з дапамогай музыкаў будуць агучаны іх патрэбы, болі і спадзяванні.
Падчас канцэрту да музыкаў на некаторы час далучацца прадстаўніца сацыяльна-дабрачыннай установы “Ёсць справа” Таццяна Герасімава. Слоган цяперашняй кампаніі арганізацыі гучыць так — там, дзе ёсць людзі, там ёсць каронавірус. У дадзены момант “Ёсць справа” супольна з “Офісам па правах людзей з інваліднасцю” праводзіць кампанію збору сродкаў на дапамогу супрацоўнікам і людзям з інваліднасцю, якія пражываюць у псіханеўралагічных дамах-інтэрнатах для састарэлых, а таксама для дамоў-інтэрнатаў для дзяцей і маладых людзей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця #covid19ПНИ.
Гэтым канцэртам Асамблея НДА, платформа Artist.gives і гурт “Naviband” хочуць падтрымаць збор сродкаў на патрэбы дамоў-інтэрнатаў у часе каронавіруса. Гледачы змогуць далучыцца да гэтай ініцыятывы на канцэрце і ахвяраваць на добрую справу праз MolaMola.
Паводле прэс-рэлізу