Навіны ад тэлеграм-каналу „By_culture”
На волю выйшаў галоўны рэдактар газеты «Наша Ніва» Ягор Марціновіч.
Ларысе Шчыраковай прысудзілі 3,5 гады зняволення. Этнографку і былую журналістку абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Таксама ёй трэба сплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь, у лік чаго часткова канфіскавалі маёмасць.
На сканчэнне судовага працэсу Ларыса выкрыкнула «Жыве Беларусь!»
Прысуд краязнаўцу і журналісту Яўгену Меркісу пакінулі без зменаў: 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Палітолага Валерыю Касцюгову, асуджаную на 10 гадоў зняволення, занеслі ў «тэрарыстычны спіс».
«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаныя ўсе трансляцыі онлайн-марафона салідарнасці з палітзняволенымі «Нам не ўсё адно!»
Таксама спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўніў тэлеграм-канал і старонка ў фэйсбуку праекту «Будзьма беларусамі!»
Падтрымайце палітвязняў лістамі і паштоўкамі. Зняволеным, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА да суда, і тым, чый прысуд яшчэ не ўступіў у сілу, можна дасылаць пасылкі і грашовыя пераводы.
______________
Праграма ад Ініцыятывы Марціна Рота прапануе стыпендыі ў Германіі для творцаў, якія сутыкаюцца з абмежаваннямі альбо пагрозамі ў сувязі з іх працай або абставінамі. Дэдлайн: 20 верасня.
Маладыя аўтары паэзіі, прозы і крытыкі ў Беларусі і па-за межамі запрашаюцца прыняць удзел у літаратурным конкурсе да 100-годдзя аб’яднання «Маладняк». Дэдлайн: 1 кастрычніка.
Прайдзіце онлайн-апытанне ў межах даследавання пра культменеджараў ад CreateCulture Group. Мэта – глыбей зразумець сектар і палепшыць працу ў галіне яго развіцця.
Таксама ініцыятыва запусціла YouTube канал, дзе публікуюць запісы культурніцкіх мерапрыемстваў, адукацыйныя відэа, дыскусіі і іншае.
_____________________________
І на завяршэнне выпуску анонс:
Ў-квіз адзначае народзіны ў Варшаве
У панядзелак, 4 верасня, беларусы Варшавы зноў гуляюць у беларускамоўны Ў-квіз. Гэтая гульня – святочная! Ў-квіз святкуе першыя ўгодкі!
Прыходзьце віншаваць, святкаваць, адпачываць, варушыць мазгамі і паглыбляць веды!
Дата: 4 верасня
Час: 19.00
Месца: Scena Chmielna, Nowy Świat 27a, Варшава
______________________________________
(с) Паводле тэлеграм-каналаў «By_culture» і «Будзьма беларусамі!»