Навошта палешукі вярбу елі?



Праваслаўныя вернікі ўрачыста сустрэлі Вербную нядзелю, ад якой пачынаецца Страсны тыдзень альбо Тыдзень мук Гасподніх. Гэта надзвычай важныя ў хрысціянстве дні перад Вялікаднем. Яны прысвечаны ўспаміну пра апошні шлях зямнога жыцця Хрыста, пакутам на крыжы, смерці і пахаванню. Вернікі, як ніколі за пост, павінны знаходзіцца ў строгім устрыманні, малітве, дабрыні і міласэрнасці.

Кажучы пра Вербніцу, то тут ёсць некалькі сімвалаў. Самое распусканне вярбы абвяшчае люду пра сапраўдны надыход вясны, абуджэнне свету жывёльнага і расліннага. Таксама з’яўленне Хрыста ва Іерусаліме суправаджалася вітаннем яго пальмавымі галінкамі. Таму вернікі нясуць у царкву галінкі вярбы.

Пасля асвячэння ў храме існуюць розныя традыцыі, звязаныя з вярбінкамі. У кожным кутку Беларусі свае асаблівасці. Бадай большасці вядомы абрад сцябання галінкамі, прыгаворваючы: “Не я б’ю – вярба б’е! Якая? Святая!”. Пры гэтым жадаюць моцнага здароўя, моцы духу.

На Пінскім Палессі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя існавала павер’е, якое пераклікаецца з сённяшнімі ў тым, што вярбінкі, у прамым разуменні, выкарыстоўвалі для аздараўлення. Тое занатаваў святар Дзмітрый Булгакоўскі. Усе свае назіранні ён уклаў у цікавае выданне “Пінчукі”, якое пабачыла свет у далёкім 1890 годзе. Булгакоўскі нёс святарства ў вёсцы Купяцічы, шлях да якой пралягаў праз Пінкавічы, Высокае, Пачапава. Гэтыя населеныя кропкі і давалі яму глебу для збору звычаяў, прымавак, моўных асаблівасцяў, песняў і г.д. Адным словам цяпер “Пінчукі” ўнікальная крыніца па мінулым жыцці Піншчыны.

Дзякуючы даследчай дзейнасці Булгакоўскага нашыя чытачы ўжо даведаліся пра погляды палешука на смерць, уяўленні пра нячысцікаў, падрыхтоўку да працы ў полі ды розныя абрады, якія дагэтуль захаваліся ў краіне багнаў.

Дык вось, па Вербнай нядзелі фалькларыст занатаваў: “У Вербніцу, калі выйдуць з царквы, кожны з’ядае па 9 нырак з вярбы, якія называюць авечкамі, каб не балелі зубы і не было ліхаманкі…”. Таму і атрымоўваецца, што пінчукі ў прамым сэнсе ўжывалі вербкі для здароўя.

Пасля палешукі накіроўваліся на могілкі, каб наведаць продкаў ды пакінуць галінку вярбы. Гэтая традыцыя існуе ў большасці рэгіёнаў краіны і па сённяшні дзень, але ўсё ж уласціва не для ўсіх мясцовасцяў.

Тут дарэчы прыгадаць выпадак у Пінкавічах, што літаральна пад Пінкам ва ўсходнім напрамку. У сярэдзіне 1930-х гадоў мясцовая жыхарка Марыя Хіхлюк наведала пасля вербнай літургіі пахаванне сястры, якая спачыла адразу па вяртанні з бежанства ў 1917 годзе. Адную з асвечаных галінак сваячка наўпрост усунула ў зямлю каля магілы ды рушыла дадому. Тады ў мясцовых жыхароў не было звычкі часта наведваць могілкі. Гэта тэма не для штодзённых размоў. Нельга вось проста так турбаваць свет памерлых. Таму і даглядалі могілкі перад Вялікаднем, Наўскім чацвяргом ды Дзядамі. А тым часам усунутая галінка прынялася і з гадамі вырасла неверагодна вялікая вярба. Справа дайшла да таго, што людзі пачалі хвалявацца за пахаванні, бо здавалася – яшчэ трохі і карэнне павыкідвае з зямлі труны. Толькі напрыканцы 1990-х гадоў вярбу зрэзалі. Гэта была цэлая аперацыя з удзелам дасведчаных леснікоў і пад наглядам ратавальнікаў. Ад таго часу, прынамсі, у Пінкавічах, аніхто больш вербку ў зямлю на могілках не ўсоўвае. Прыносяць, але кладуць каля помніка, як даніну памяці…

Беларускае Радыё Рацыя