Навукоўцы даказалі пераемнасць сучаснай беларускай мовы ад мовы часоў ВКЛ



Навукоўцы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, што ўваходзіць у склад Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, прэзентавалі 26 кастрычніка ў Менску 37-мы выпуск „Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” — апошні том маштабнага выдання, якое пачалі выпускаць у 1982 годзе.

Перад прэзентацыяй поўнага збору слоўніка дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў расказаў журналістам, што шматтомнік стваралі на працягу 90 гадоў, калі „ўзяць у разлік час ад ідэі, якая ўзнікла ў 1927 годзе, і да выхаду апошняй кнігі”.

„Унікальнасць слоўніка заключаецца ў тым, што ён змяшчае 75 тысяч слоў, зафіксаваных у помніках XIV—XVIII стагоддзяў, — адзначыў навуковец. — Слоўнік адлюстроўвае гісторыю беларусаў на працягу 500 гадоў. За аснову былі ўзятыя друкаваныя і рукапісныя помнікі: статуты, хранографы, летапісы, дзелавыя, навуковыя і рэлігійныя дакументы, мемуары. Словам, усё, што стварылі беларусы ў тую пару, якая завецца залатым векам гісторыі, беларускай мовы, калі беларускія землі з`яўляліся ядром магутнейшай еўрапейскай дзяржавы (Вялікага Княства Літоўскага. — БелаПАН.), а старабеларуская мова выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Многія арыгіналы гэтых помнікаў захоўваюцца не ў Беларусі, а ў гарадах розных краін — Львове, Кіеве, Санкт-Пецярбургу, Маскве, Варшаве, Вільні ды шматлікіх іншых”.

Паводле слоў Капылова, слоўнік мае значную навуковую вартасць для мовазнаўцаў, бо „адкрывае новыя магчымасці для даследавання лексікалогіі, старажытных фанетыкі і словаўтварэння”. Ім карыстаюцца гісторыкі, бо „ён адлюстроўвае сацыяльна-эканамічную гісторыю пэўнага перыяду”; культуролагі, бо ён „адлюстроўвае матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў таго часу”; архівісты, перад якімі слоўнік „адкрывае новыя, да гэтага часу невядомыя звесткі”.

Шматтомнае выданне, на яго думку, мае „вялікае агульнадзяржаўнае значэнне”. „Беларусы ў чарговы раз пацвердзілі, што ў нас старажытная гісторыя, багатая культура і старажытная адметная высокаразвітая еўрапейская мова”, — заявіў Капылоў.

Навуковец падкрэсліў: слоўнік даказвае, што пераемнасць „паміж старабеларускай і сучаснай беларускай літаратурнай мовамі” існуе. „Яна адназначна была, прынамсі ў вуснай форме. Іначай бы сёння мы не мелі мовы, якая на працягу больш чым 300 гадоў фактычна не ўжывалася ў афіцыйнай пісьмовай форме. І нават у літаратурнай пісьмовай мове пераемнасць ёсць. Напрыклад, слова „мыта” і „мытнік” з`явілася [у сучаснай беларускай мове] адносна нядаўна, але яно шырока ўжывалася ў старабеларускі перыяд у помніках XIV—XVII стагоддзяў”, — растлумачыў дырэктар інстытута.

„Калі ўважліва пагартаць слоўнік, то многія іншыя словы мы можам сёння ўзяць ва ўжытак, паступова яны пранікнуць і ў хуткім часе стануць літаратурнай нормай. Гэты працэс завецца дэархаізацыяй лексікі”, — дадаў ён.

На думку Капылова, кожны беларус, які „цікавіцца гісторыяй сваёй краіны, з`яўляецца яе патрыётам, павінен мець гэтае выданне”. Набыць поўны збор слоўніка сёння складана, але найбліжэйшым часам інстытут плануе алічбаваць шматтомнае выданне, каб „шырокія слаі грамадства, у тым ліку моладзь, мелі магчымасць ім карыстацца”.

belapan.com