Навукова-мастацкая сустрэча на польска-беларускім памежжы



Круглую гадавіну адзначаюць гэтымі днямі на польска-беларускім памежжы. Ужо 10 год як афіцыйна супрацоўнічаюць Музей малой бацькаўшчыны ў Студзіводах і аб’яднанне аматараў мастацтваў “Тур”.

Гэтую дату дзве суполкі адзначылі ў Каменцы канферэнцыяй пад назвай “Каменец – Бельск”. Гаворыць арганізатар мерапрыемства, старшыня “Тура” Анатоль Туркоў:

– На самой справе такога ўзроўню падзеі ў нас не было. І каб адразу столькі людзей вельмі знакамітых прыехалі да нас і расказвалі пра гісторыю і Падляшша, і Каменца.

Другога арганізатара навукова-мастацкай сустрэчы Дарафея Фіёніка мы папрасілі назваць галоўны плён ад усталяваных 10 год таму кантактаў з камянецка-берасцейскімі мастакамі.

– Самае каштоўнае – гэта менавіта творчае сяброўства. Мы творым вялікія рэчы проста, як у сям’і. Ніхто нікога не пытае – за колькі, ці мы маем праект вялікі? Проста ёсць ідэя, і трэба яе ажыццявіць.

Пралогам да канферэнцыі якраз стаў вернісаж апошняй працы Анатоля Туркова для Музея малой бацькаўшчыны – чатырох драўляных пано на тэму гісторыі Студзівод.

Мерапрыемства праходзіла ў музеі “Камянецкая вежа”.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя