Названы фіналісты Нацыянальнай тэатральнай прэміі 2018 года
Названы фіналісты Нацыянальнай тэатральнай прэміі 2018 года, паведамілі ў Міністэрстве культуры.
У першым (адборачным) этапе рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва „Нацыянальная тэатральная прэмія” прынялі ўдзел дзяржаўныя тэатры з Менска і ўсіх абласцей Беларусі, тэатры і арганізацыі культуры прыватнай формы ўласнасці, у тым ліку Сучасны мастацкі тэатр, Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў „Арт Карпарэйшн”, Тэатральная майстэрня Наталлі Башавай (Камерны драматычны тэатр), міжнародны тэатральны праект „НомоCosmos”, тэатр Генадзя Гладкова „Тэрыторыя мюзікла”, ТАА „ТрыТфармаТ”.
На конкурс у секцыі тэатра драмы было пададзена 33 заяўкі (з іх 19 заявак на спектаклі тэатра драмы і 14 – на спектаклі тэатра драмы малой формы), у секцыі тэатра лялек – 10 заявак, у секцыі музычнага тэатра – 9, у секцыі спектакляў для дзяцей і юнацтва – 19, у секцыі эксперыментальных спектакляў – 17 заявак, у секцыі спектакляў паводле твораў беларускіх аўтараў – 19 заявак.
Журы трэба будзе вызначыць лаўрэатаў прэмій у 21 намінацыі. Пераможцаў назавуць у снежні.
У секцыі тэатра драмы аб’яўлены намінацыі „Лепшы спектакль тэатра драмы”, „Лепшы спектакль тэатра драмы малой формы”, „Лепшая работа рэжысёра ў тэатры драмы”, „Лепшая работа сцэнографа ў тэатры драмы”, „Лепшая мужчынская роля ў спектаклі тэатра драмы”, „Лепшая жаночая роля ў спектаклі тэатра драмы”. У ліку прэтэндэнтаў на перамогу па гэтых намінацыях работы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі „Бетон” (аўтар і рэжысёр Яўген Карняг), „Сіндром Медэі” Юліі Чарняўскай (рэжысёр Кацярына Аверкава), „Кар’ера доктара Рауса” Віктара Марціновіча ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева;
„Кар’ера доктара Рауса”
Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага – „Падводнікі” Андрэя Курэйчыка (рэжысёр Сяргей Кавальчык); Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы – „Радзіва „Прудок” Андрэя Горвата (рэжысёр Раман Падаляка);
„Радзіва „Прудок”
„Рэвізор” Мікалая Гогаля ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна; Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра – „Чалавек з Падольска” Дзмітрыя Данілава ў пастаноўцы Дзмітрыя Багаслаўскага і іншыя.
У секцыі тэатра лялек будуць вызначаны „Лепшы спектакль тэатра лялек”, „Лепшая работа рэжысёра ў тэатры лялек”, „Лепшая работа сцэнографа ў тэатры лялек”, „Лепшая мужчынская роля ў спектаклі тэатра лялек”, „Лепшая жаночая роля ў спектаклі тэатра лялек”. Сем спектакляў выйшлі ў фінал, у іх ліку „Пансіён Belvedere” (аўтар і рэжысёр Матэа Сп’яцы) Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, „Пліх і Плюх” Данііла Хармса (рэжысёр Юрый Дзівакоў) Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек, „Сіняя-сіняя” Уладзіміра Караткевіча ў пастаноўцы Ігара Казакова Магілёўскага абласнога тэатра лялек.
У ліку прэтэндэнтаў на ўзнагароды ў секцыі музычнага тэатра пастаноўкі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, тэатра Генадзя Гладкова „Тэрыторыя мюзікла”.
За права называцца „Лепшым спектаклем для дзяцей і юнацтва” будуць змагацца работы Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра.
„Лепшы эксперыментальны спектакль” журы трэба будзе выбраць з чатырох пастановак: „Бетон” (аўтар і рэжысёр Яўген Карняг), Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі; „ДэкаДанс/Арыгамі” (харэограф-пастаноўшчык Вольга Скварцова), Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр; „OEDIPUS” (Эдып) Сафокла (рэжысёр-пастаноўшчык Юрый Дзівакоў), Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр; „Сёстры Граі” Яўгена Карняга ў яго ж пастаноўцы, Менскі абласны тэатр лялек „Батлейка”.
Барацьба ў намінацыі „Лепшы спектакль па творы сучаснага беларускага аўтара” разгорнецца паміж пастаноўкамі Менскага абласнога драматычнага тэатра, Берасцейскага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі, Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра, Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў „АРТ Карпарэйшн”, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча.
Арганізатарамі рэспубліканскага конкурсу тэатральнага майстэрства „Нацыянальная тэатральная прэмія” выступаюць Міністэрства культуры і Менскі гарадскі выканаўчы камітэт.