Названы кнігі-прэтэндэнты на прэмію „Гліняны Вялес”



Арганізацыйны камітэт літаратурнай прэміі Таварыства Вольных Літаратараў “Гліняны Вялес” абвясціў шорт-ліст за 2019 год.

Сярод кніг-прэтэндэнтаў тры кнігі паэзіі (адна з іх, «Колер крылаў», утрымлівае таксама прозу, крытыку і публіцыстыку)  і чатыры кнігі прозы. На адной з намінаваных кніг, “Поўня” Міхала Андрасюка, пазначаны год выдання 2018-ы, але фактычна кніга выйшла прыканцы зімы 2019-га і не магла трапіць у шорт-ліст “Глінянага Вялеса” за 2018 год. Таму аргкамітэт прэміі вырашыў уключыць гэтую кнігу ў сёлетні шорт.

Валянціна Аксак. «Кава ў арліным гняздзе». Менск, «Кнігазбор»

Міхал Андрасюк. «Поўня». Беласток, Праграмная рада тыднёвіка «Ніва»

Леанід Дранько-Майсюк.  “…Усе бачылі нястачу віна…”. Менск, «Кнігазбор»

Ігар Кулікоў. «Храм ракі». Менск, «Янушкевіч»

Анхеля Эспіноса Руіс. «Колер крылаў». Менск, «Кнігазбор»

Уладзімір Сцяпан. «Хвалі». Менск, «Мастацкая літаратура»

Макс Шчур. «Кінараман». Менск, «Логвінаў»

Прэмію “Гліняны Вялес” заснавала Таварыства Вольных Літаратараў у 1993 годзе. Яна даецца за лепшую беларускамоўную мастацкую кнігу. Першым лаўрэатам прэміі стаў Ігар Бабкоў. У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся: Алесь Разанаў, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Андрэй Федарэнка, Віктар Казько, Сяргей Дубавец, Валянцін Акудовіч, Барыс Пятровіч і інш.

Стаць лаўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.

Беларускае Радыё Рацыя