Названы лаўрэаты прэміі імя Алеся Адамовіча
Лаўрэатамі прэміі імя Алеся Адамовіча сталі Наста Захарэвіч і Вячаслаў Ракіцкі.
Прэмію 26-га кастрычніка ўручылі Уладзімір Арлоў і дачка Алеся Адамовіча – Наталля. Наста Захарэвіч была ўганараваная за цыкл публікацый на сайце „Свабоды” і асвятленне праблем, звязаных з гвалтам і дыскрымінацыяй. Вячаслаў Ракіцкі атрымаў прэмію за цыкл дакументальных фільмаў “Сведкі” на тэлеканале „Белсат”.
Прэмія была заснаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам і мас-медыя ў студзені 1995 году ў гонар пісьменніка і аднаго з заснавальнікаў ПЭН-цэнтра ў Беларусі Алеся Адамовіча (1927 – 1994). Яна ўручаецца за публіцыстыку. Спачатку старшынём журы прэміі быў Васіль Быкаў. Сёлета прэмія ўручаецца 19-ы раз.
Беларускае Радыё Рацыя