НББ плануе выпусціць факсімільнае выданне Статута ВКЛ
Нацыянальная бібліятэка Беларусі плануе выпусціць факсімільнае выданне Статута Вялікага княства Літоўскага. Пра гэта паведаміў 20 снежня на прэзентацыі кнігі „Беларускія мысляры XVI-XVII стст. Выбраныя працы” праекта „Спадчына права” прафесар, доктар педагагічных навук, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі.
Па словах Рамана Матульскага, НББ зараз шчыльна працуе над гэтым праектам, занятая пошукам спонсараў. Такое выданне можа стаць помнікам юрыдычнай кніжнай культуры краіны, лічыць ён. У цэлым прававеды краіны актыўна працуюць над аднаўленнем сваёй гістарычнай спадчыны.
У працы над восьмай кнігай праекта „Спадчына права” „Беларускія мысляры XVI-XVII стст. Выбраныя працы” прыняла ўдзел і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
Раман Матульскі падкрэсліў значнасць выхаду гэтай кнігі ў год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Пра Беларусь за яе межамі цяпер кажуць як пра краіну, якая адной з першых у Еўропе мела сваю кнігу, прычым менавіта тую, якая ляжала ў аснове ўсіх духоўных каштоўнасцей, сказаў ён.
„Сёння мы маем 21 том факсімільнага выдання „Кніжная спадчына Францыска Скарыны „, што гаворыць аб вялікіх традыцыях. Акрамя таго, па ходзе выяўлення выданняў таго перыяду на паверхню падняўся цэлы шэраг імёнаў, якімі мы абавязаныя ганарыцца”, – працягнуў прафесар. У прыватнасці, Раман Матульскі анансаваў праект, над якім ужо сёння пачалася праца: у наступным годзе споўніцца 400 гадоў выхаду ў свет кнігі пад назвай „Буквар”, і выдалі яе беларусы.