Не далі магчымасці працаваць на карысць Беларусі
25 кастрычніка спаўняецца 165 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне этнаграфіі і геаграфіі, мовазнаўца, фалькларыста і этнографа Эдуарда Пякарскага (1858-1934).
Эдуард Пякарскі нарадзіўся ў 1858 годзе ў фальварку Пятровічы Ігуменскага павета (цяпер Смалявіцкі раён Менскай вобласці). Вучыўся ў Мазырскай, Менскай, Таганрогскай і Чарнігаўскай гімназіях, у Харкаўскім ветэрынарным інстытуце. Вучоба засталася незавершанай. За ўдзел у народніцкім руху ў 1879 годзе Эдуард Пякарскі быў сасланы ў Якуцію, дзе пачаў вывучаць культуру, побыт якуцкага народа. Авалодаў вуснай мовай, выступаў у ролі перакладчыка, вывучаў песенны, былінны фальклор багатага на культуру старажытнага народа. На аснове сабранага матэрыялу ў Якуцку ў 1898 годзе выйшаў першы варыянт “Словаря якутского языка” Эдуарда Пякарскага, які змяшчаў 7 тысяч слоў. У 1894–1896 гадах Пякарскі ўдзельнічаў у экспедыцыі Усходне-Сібірскага аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства, а ў 1903 годзе яго запрасілі ўдзельнічаць у Аяна-Нельканскай экспедыцыі. З Якуціяй даследчык развітаўся толькі тады, калі ў 1905 годзе Акадэмія навук Расеі запрасіла яго ў Пецярбург для завяршэння працы над слоўнікам. Да 1910 года вучоны працаваў рэгістратарам калекцый у этнаграфічным аддзеле Рускага музея, а з 1911 года – у Музеі антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага пры Акадэміі навук.
Першы выпуск “Словаря якутского языка” пабачыў свет у 1907 годзе. Даследчык быў удастоены залатога медаля Акадэміі навук. За перыяд з 1907 года па 1930 год выйшла 13 выпускаў слоўніка. Эдуард Пякарскі стварыў не проста слоўнік якуцкай мовы, а сапраўдную энцыклапедыю ўсяго ўкладу жыцця народа, яго матэрыяльнай і духоўнай культуры. У слоўніку зарэгістравана 60 000 якуцкіх слоў з усебаковай іх характарыстыкай.
-
На фота: З’езд па карыстанні зямлёй у Якуцкай вобласці. У першым радзе крайні злева Эдуард Пякарскі, 1902 г.
1 лютага 1931 года Эдуард Пякарскі быў выбраны ганаровым членам Акадэміі навук СССР, а 21 снежня гэтага ж года прэзідыум Якуцкага ЦВК узнагародзіў яго граматай за “шматгадовую працу па складанні якуцкага слоўніка, які з’яўляецца каштоўным укладам у навуку для вывучэння культуры Якуціі”.
На працягу ўсяго свайго жыцця Эдуард Пякарскі марыў пра Беларусь, але так і не было для яго магчымасці наведацца ў родныя мясціны. Упершыню пасля ссылкі ён пабываў на Бацькаўшчыне ў 1906 годзе. Аднак мара яшчэ раз прыехаць на Радзіму так і засталася марай. Не маючы магчымасці працаваць на карысць Беларусі, ён прысвяціў сваёй другой радзіме дзесяткі гадоў нястомнай працы.
Беларускае Радыё Рацыя