Не кожны беларус можа дазволіць сабе набыць вышыванку
Сёння не кожны беларус можа дазволіць сабе набыць вышыванку. Пры гэтым у суседняй Украіне яны каштуюць нашмат танней.
У нашага паўднёвага суседа даўно наладжаны выраб вышыванак, і існуюць розныя прапановы для розных пакупнікоў. У Беларусі ж не хапае нават абсталявання на фабрыках для таннай машыннай вышыўкі, сцвярджае гаспадыня крамы “Хата мастака” Жанна Жукава:
– Гэта ж цэлы працэс. Трэба купіць вышывальныя машыны, людзям трэба плаціць заробак. У нас робяцца вышыванкі з нашага аршанскага ільну. Воршы, відаць, не вельмі выгадна прадаваць нашым вытворцам танней, таму яны ставяць цану такую, па якой яны могуць прадаць на экспарт. Ва Украіне ёсць розныя кірункі. Та вельмі шмат ручной вышыўкі, чаго ў нас у прынцыпе няма. І каштуе гэта завоблачныя грошы. У іх гэтая вытворчасць развіваецца дзесяцігоддзямі. Вельмі шмат людзей, якія гэтым займаюцца. І цэны там больш дэмакратычныя.
Пакуль у Беларусі мала вытворцаў вышыванак, і няма пэўнай канкурэнцыі, таму не прыходзіцца гаварыць пра зніжэнне кошту, лічыць супрацоўнік этна-крамы “Цудоўня” Антон Шаранкевіч:
– Кошт на вышыванкі зараз высакаваты для беларускага спажыўца, бо гэта абумоўлена тымі фактарамі, што няшмат фірмаў, няшмат людзей, фабрык займаюцца гэтым. Але ж наша крама, напрыклад, спрабуе рабіць самую мінімальную коштавую нацэнку, каб гэта было дасяжна беларусу. Каб ён такім чынам мог сабе дазволіць вышыванку. І будзем спадзявацца, што з кожным годам выраб вышыванак будзе павялічвацца, тым самым уплываючы на зніжэнне коштаў.
Каб быць адметным, не абавязкова чакаць на танныя вышыванкі, пераконваюць гандляры. Для беларусаў, які хочуць вылучыцца, этна-крамы прапануюць бюджэтную альтэрнатыву вышыванкам – вышымайкі.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя