Папулярны насценны каляндар «Не маўчы па-беларуску!» б’е рэкорды па продажах у беларускіх кнігарнях. За шэсць гадоў прададзена больш за 51 000 экземпляраў. Каляндар выдаецца з 2014 года і заўжды некалькі разоў перавыдаецца. Ён стаў самым паспяховым і запатрабаваным беларускамоўным неперыядычным выданнем за апошнія гады.
Гэткай папулярнасці календара, як летась, не чакалі нават самі стваральнікі. Ім пісалі лісты, цікавіліся ў сацыяльных сетках і на афлайнавых сустрэчах. Выдавецтва было вымушана выпусціць дадатковы тыраж, каб задаволіць патрабаванні кнігарняў і пакупнікоў. Падчас кніжнай выставы, якая на днях завяршылася ў Менску, у першы ж дзень на стэндзе «Акадэмкнігі» адразу сышлі прывезеныя 30 экземпляраў. Гэта адно з нешматлікіх выданняў, якія кнігарні самі просяць на свае паліцы.
Папулярная серыя календароў «Не маўчы па-беларуску» — адзін з найбольш паспяховых і запатрабаваных беларускамоўных праектаў апошняга часу. Каляндар праілюстраваны арыгінальнымі малюнкамі на кожны дзень, а кожны месяц адзначаны адмысловай прыказкай. Праект падрыхтаваны кампаніяй «Будзьма беларусамі!». Прадукцыя праекта выходзіць у выдавецтве «Кнігазбор».
Штогод кампанія імкнецца парадаваць пакупнікоў нечым новым. Гэтак, каляндар на 2020 год прысвечаны важнай тэме — экалогіі. На старонках календара можна даведаецеся, як правільна па-беларуску называюцца з’явы прыроды, птушкі, жывёлы, расліны, сузор’і і шмат іншага. 365 арыгінальных яскравых малюнкаў ад мастачкі Дашы Мандзік і аўтара ідэі Анатоля Лазара будуць натхняць на экалагічна адказныя паводзіны і ствараць пазітыўную атмасферу цягам усяго года. Усе малюнкі падпісаныя цікавымі беларускімі словамі і словазлучэннямі. Каляндар складаецца з 40 невялікіх гісторый, збольшага пададзеных у форме «тыдняў».