Не стала беларускага крытыка, які быў родам з Беласточчыны
Памёр беларускі літаратуразнавец, крытык, даследчык беларускай прозы Серафім Андраюк. Нарадзіўся ён 10 сакавіка 1933 года ў вёсцы Градалі Бельскага павета Падляшскага ваяводства. У 1945 годзе разам з бацькамі пераехаў у вёску Бербашы Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці.
Скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры БДУ, аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Быў навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута. У 1981–1993 гадах працаваў галоўным рэдактарам, у 1993–1996 гадах – дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». Кандыдат філалагічных навук.
Дэбютаваў у друку як крытык і літаратуразнавец з 1964 года. Друкаваў рэцэнзіі і артыкулы па пытаннях гісторыі беларускай савецкай літаратуры і сучаснага літаратуранага працэсу.
Выдаў манаграфіі «Жыццё. Літаратура. Героі» (1973), «Традыцыі і сучаснасць» (1981), зборнікі крытычных артыкулаў «Вывяраючы жыццём» (1976), «Жыць чалавекам» (1983), нарыс творчасці І. Пташнікава «Чалавек на зямлі» (1988), кнігу «Стыль пісьменніка» (1974) і іншыя.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (1984) за кнігу «Жыць чалавекам».
Беларускае Радыё Рацыя