Не стала лепшага фатографа Слоніма
У сераду, 13 сакавіка, раптоўна не стала аднаго з самых лепшых фатографаў Слоніма Уладзіміра Янушэвіча. Нечаканая смерць ашаламіла ўсіх слонімцаў і найперш яго родных і сяброў, а таксама прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі горада. Уладзіміру Янушэвічу сёлета летам споўнілася б 53 гады.
Кожны слонімец ведаў Уладзіміра Янушэвіча як шчырага чалавека, выдатнага арганізатара, добрага сябра і фатографа-прафесіянала. Ён сумленна працягваў працу слонімскіх вядомых і малавядомых майстроў-фатографаў ХХ стагоддзя. Уладзімір з’яўляўся аўтарам шматлікіх камплектаў здымкаў, буклетаў, альбомаў, прысвечаных роднаму Слоніму і яго ваколіц. У яго было сотні задумак і планаў, каб на фотаздымках і кінафільмах захаваць Слонім і людзей такімі, якімі яны ёсць сёння.
Дзякуючы Уладзіміру Янушэвічу, у Слоніме былі арганізанаваны шэраг гарадскіх мерапрыемстваў, сустрэч, конкурсаў. Вялікай папулярнасцю карыстаўся парад нявест, які арганізоўваў сам Уладзімір і далучаў да гэтага мерапрыемства іншых мясцовых прадпрымальнікаў. Уладзімір любіў родны горад і сваіх землякоў, а Слонім і гараджане любілі яго. На вялікі жаль, раптоўная смерць забрала яшчэ аднаго таленавітага слонімца.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім