Не стала мастака і кераміста Мікалая Несцярэўскага



У Менску памёр вядомы беларускі мастак, кераміст, жывапісец, скульптар, сябра Беларускага Саюза мастакоў Мікалай Несцярэўскі.

На фота: Мікалай Несцярэўскі з бюстам маці

Мікалай Лаўрэнцьевіч рыхтаваўся адзначыць у Менску і Дзятлаве сваё 90-годдзе. Але каронавірус спыніў яго планы і задумкі.

Мікалай Несцярэўскі нарадзіўся 31 сакавіка 1931 года ў вёсцы Бацюты на Беласточчыне. Любоў да сваёй малой радзімы Мікалай Несцярэўскі пранёс праз усе гады. Мастак нарадзіўся ў сям’і беларускіх сялян праваслаўнага веравызнання. Бацька – Лаўрэн Маркавіч Несцярэўскі — быў хлебаробам, маці – Настасся Лявонцьеўна — хатняй гаспадыняй. У сям’і было трое дзяцей: Мікалай, Вольга і Галіна. На момант нараджэння малога Міколкі, сям’я жыла заможна: Несцярэўскія мелі 25 гектараў зямлі (18 – ворнай, астатнія – паплавы і сенакосы), былі коні, каровы, свінні, куры, гусі.

У 1938 годзе памёр яго бацька. Усе клопаты па хатняй гаспадарцы ляглі на плечы сямігадовага Міколкі і маці. Хлопчык рана навучыўся касіць траву, араць зямлю, сеяць жыта, збіраць ураджай. У верасні 1939 года, калі пачалася Другая сусветная вайна, немцы акупавалі Польшчу, потым на Беласточчыну прыйшлі войскі Чырвонай Арміі, а ў чэрвені 1941 года – зноў нямецка-фашысцкія акупанты. Пасля заканчэння вайны сям’ю Несцярэўскіх, як і тысячы беларусаў па нацыянальнасці, прымусова вывезлі ў Беларусь у мястэчка Дзятлава на Гарадзеншчыну.

У 1947 годзе Мікалай Несцярэўскі пачаў працаваць вучнем, потым цесляром у арцелі “Чырвоны Кастрычнік” і адначасова вучыўся ў Дзятлаўскай вячэрняй школе рабочай моладзі. У 1953 – 1955 гадах працаваў майстрам сталярнага цэха Дзятлаўскага раённага прамкамбіната. У гэты час юнак актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці – іграў у духавым аркестры, спяваў у хоры, танцаваў, рабіў першыя крокі ў выяўленчым мастацтве. З 1955 года ён быў інструктарам Дзятлаўскага раённага дома культуры.

У 1959 – 1962 гадах Несцярэўскі працаваў мастаком-афарміцелем у Дзятлаўскім раённым прамкамбінаце, потым настаўнікам працы, малявання і чарчэння ў Дзятлаўскай сярэдняй школе. І вядома ж, вучыўся, атрымаў вышэйшую адукацыю.

Апошнія гады жыцця Мікалай Несцярэўскі жыў у Менску. Але з вялікай радасцю наведваў родныя Бацюты і Дзятлава. Дзятлаўскаму гісторыка-краязнаўчаму музею ён падараваў сотні сваіх керамічных прац і карцін. Яны адлюстроўваюць усе грані самабытнага таленту мастака.

Доўгія гады жыцця ён прысвяціў дэкаратыўна-прыкладному мастацтву і, як кераміст, зрабіў надзвычай многа ў галіне афармлення архітэктурных аб’ектаў Беларусі і за яе межамі. Ён быў майстрам вялікага творчага дыяпазону і шчырым беларусам, які любіў сваю Бацькаўшчыну.

Пахаваюць Мікалая Несцярэўскага ў суботу, 27 сакавіка, у Дзятлаве.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя