Не стала Юрыя Станкевіча
Гэта ўжо нейкае мэтанакіраванае знішчэнне беларускіх культурніцкіх элітаў. Смерць за смерцю. Сёння, 22 кастрычніка, памёр выдатны празаік Юры Станкевіч.
Я любіў яго за зацятасць і нехістанне. Часам яму даставалася за радыкалізм, але ён упарта ішоў сваім шляхам.
Празаік паходзіў з Барысава і апошнія гады жыцця жыў у родным горадзе. Ён быў сынам рэпрэсаванага, і ніколі гэта не забываў. Маё Жодзіна было па суседству, таму пачуваліся мы амаль землякамі. Час ад часу я бачыў яго у барысаўскай электрычцы. Але тады мы не былі добра знаёмымі.
Нейкае больш менш блізкае знаёмства адбылося ўжо ў сярэдзіне 90-х. Мы ліставаліся, часцей усяго праз электронную пошту.
Недзе ў нулявых я зрабіў з ім вялікае інтэрв’ю для часопіса Arche. Некалькі разоў запісваў для сваёй перадачы на Радыё Рацыя.
Юры Станкевіч ў сваіх творах задаваў няпростыя, часам балючыя пытанні, і грамадства мусіла шукаць на іх адказы. У гэтым я бачу яго асноўную ролю.
Гады чатыры таму на маё пытанне, над чым ён зараз працуе, Юры сказаў, што цяпер кепска са здароўем, маўляў, не ведае, ці здолее яшчэ што-кольвечы напісаць.
Два разы кнігі Юрыя Станкевіча траплялі ў шорт-ліст прэміі «Гліняны Вялес». Гэты аўтар быў у нас на самым версе нашага сяброўскага рэйтынгу, нашых упадабанняў. Але здавалася, што яго лепшая кніга наперадзе. Нейкая зусім новая, якая падвядзе вынік усім ранейшым.
Відавочна сыходу пісьменніка ў іншы свет паспрыялі апошнія падзеі ў Беларусі. Гэты гвалт і здзек ягонае сэрца не магло вынесці. І спакутаваны чалавек стаў лёгкай здабычай каронавіруса.
Але тыя творы, якія напісаў Юры Станкевіч, будуць і далей працягваць яго справу – справу змагання за новую, вольную Беларусь. Я абсалютна ў гэтым перакананы.
Дзякуй табе за ўсё!
Алесь Аркуш