Нечуваны вулічны поспех мастака Губарава ў Менску
У Менску, на плошчы Якуба Коласа, у гэтыя выхадныя адкрылася выстава сусветна вядомага айчыннага мастака, 68-гадовага Валянціна Губарава. Адметнасць яе ў тым, што карціны, раней схаваныя ў тоўстых ды дарагіх фаліянтах, апынуліся пад адкрытым небам. Усё гэта дзякуючы намаганням куратара – дырэктара Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Наталлі Шаранговіч. Поспех выставы ўжо можна назваць нечуваным – каля выставы несупынны натоўп людзей.
Тэмы, сюжэты, вобразы карцін, здаецца, паўсядзённыя, аж да наіўнасці простыя. Але пададзеныя з незвычайным, гумарыстычным, займальным бачаннем свету. Гэта, паводле той жа Наталлі Шаранговіч, “вечная трагікамедыя чалавечага жыцця”. Але паслухайце гледачоў, пабачце карціны – як усё кранае…
Валянцін Губараў – сябар Беларускага саюза мастакоў ды ганаровы сябар нямецкай асацыяцыі “Шэдэўр”. Працы яго, паводле мастацтвазнаўцаў, працягваюць традыцыі Пітэра Брэйгеля, Ераніма Босха і Анры Русо. Яны паспяхова экспануюцца ў Аўстрыі, Нямеччыне, Францыі. Прадстаўляюцца і купляюцца на самых прэстыжных аўкцыёнах, знаходзяцца ў прыватных калекцыях па ўсім свеце.
[Not a valid template]
Выстава пад адкрытым небам у Менску будзе доўжыцца да 23 чэрвеня.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара