Два беларускія календары з’явілася ў Гародні



Напярэдадні новага 2018 года, адразу некалькі беларускіх календароў з’явілася ў Гародні. Выдавецтва “Юрсапрынт” выпусціла настольны каляндар – трохкутнік. Выданне прысвечана 450-м угодкам гравюры Мацея Цюндта “Сапраўднае адлюстраванне горада Гродна ў Літве”.

Кажа выдавец Аляксандр Рыжы:

— Як кажуць, з песні слоў не выкінеш, таксама не выкінеш подпісу з назвы гравюры. Калі яна называюцца «Выгляд Гродна ў Літве», дык яна так і называецца. Называць гэта неяк па іншаму, было б крыху глупствам. Гэта прапанова была Андрэя Чарнякевіча, бо ён добра ведаў, што ў Аляксандра Перагудава ёсць крыху напрацовак наконт гэтай гравюры. І ён, так бы мовіць паспрыяў гэтаму. Ну і выйшла так, што з Аляксандрам мы працавалі некалькі дзён і ўрэшце рэшт у нас атрымаўся гэты каляндар. 

Каляндар можна набыць у рэдакцыі “Юрсапрынт”. А прэзентацыя календара пройдзе ў абласной бібліятэцы а 17-ай гадзіне 27-га снежня. Яшчэ адзін каляндар па-беларуску, але настольны-перакідны выдае Таварыства Беларускай мовы з Гарадзеншчыны. Яго аўтарам традыцыйна з’яўляецца прафесар Аляксей Пяткевіч:

— Па ліку гэта ўжо дзявяты каляндар. Ён даволі традыцыйны ўжо. Выпрацавалася пэўная сістэма падачы матэрыялу, мы стараемся трымацца жанру такіх календароў, што вырускаліся некалі, яшчэ з мінулага стагоддзя. Каляндра арыентаваны перш за ўсё на гарадзенскага спажыўца, перш за ўсё для інтэлігенцыі, якая працуе за працоўным сталом. 

Гэты каляндар мае малы наклад і таму атрымаць яго магчыма толькі паводле папярэдняй замовы. Паколькі наступны год у Беларусі азначаны ста-гадовым юбілеем аднаўлення беларускай дзяржаўнасці, то многія старонкі календара маюць пазнаку «да стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі».

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя