«Непазьбежны лістапад» ад Ігара Сідарука
Пасля вялікага перапынку пабачыла свет новая кніга вершаў кобрынскага паэта, празаіка і драматурга Ігара Сідарука. Кніга выйшла ў паэтычнай кніжнай серыі Таварыства Вольных Літаратараў і называецца «Непазьбежны лістапад».
Кажа выдавец кнігі Алесь Аркуш:
– Для мяне самога стала сюрпрызам, што Ігар Сідарук пачаў зноў пісаць вершы. За апошнія гады Ігар стаў вядомым фатографам, адмысловым майстрам. Фотаздымкі ён выкладаў у Фэйсбуку, і да кожнага свайго фотапраекта пісаў вершы. А затым гэтыя вершы пачалі з’яўляцца і ў перыядычным друку. Я прапанаваў Ігару, што пара ўжо гэтыя вершы сабраць пад адну вокладку кнігі. І вось такім чынам нарадзілася гэтая новая кніга – сапраўды цудоўная і нечаканая ад Ігара Сідарука.
Да друку кнігу падрыхтавала выдавецкая ініцыятыва «Полацкае ляда» пры ўдзеле беластоцкага выдавецтва Ekopress.
Беларускае Радыё Рацыя
