Нерэалізаваныя праекты Міхала Анемпадыстава
Анемпадыставу – 54. Роўна столькі год магло б споўніцца сёння дызайнеру і паэту, аўтару тэкстаў да «Народнага альбома» Міхалу Анемпадыставу. «Дызайнер белроку», «арт-дырэктар Адраджэння», як яго называлі, раптоўна пакінуў гэты свет сёлета, 24 студзеня. Шэраг ягоных праектаў і задумаў застаўся нерэалізаваным. У тым ліку, «Марскі альбом». Пра яго Анемпадыстаў распавёў у інтэрв’ю яшчэ 10 гадоў таму, але тыя словы зараз упершыню прагучаць у радыёэфіры.
— Такое бальное пытанне, якое вельмі даўно ўзнікла, ледзь не адразу за „Народным альбомам”. На жаль, не адбылося такога творчага прарыву, не напісалася ўсё само сабой, як было з „Народным альбомам”. Узнікалі паступова песні і шмат іх ужо напісана, яны разышліся па іншых праектах. Але ўжо ёсць згода з боку ўсіх ўдзельнікаў і я думаю, што трэба усё ж як бы «ўзяць за горла» сябе і калегаў ды зрабіць усё гэта.
Міхал Анемпадыстаў паспеў у чарговы раз абмеркаваць «Марскі альбом» са сваімі калегамі Змітром Вайцюшкевічам і Лявонам Вольскім незадоўга да скону, стоячы на беларуска-польскай мяжы. Тыя не выключаюць, што давядуць справу да завяршэння.
Тым часам, на сайце Ulej.by пачаўся збор грошай на перавыданне навуковага даследавання Анемпадыстава «Колер Беларусі».
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя