„Нерасстраляныя” цяпер на iTunes i Google.Play
На асноўных лічбавых платформах адбыўся афіцыйны рэліз музычнага праекту «Нерасстраляныя».
У яго межах вядучыя беларускія музыкі стварылі песні на вершы беларускіх паэтаў 1920-1930-х. Музычны альбом «(Не)расстраляныя» – частка вялікага праекту, які паўстаў з ініцыятывы парталу TuzinFM. У яго межах прайшлі лекцыі з выступамі музыкаў у Менску, прэзентацыі ў рэгіёнах, выйшла серыя дызайнерскіх нататнікаў, з’явіліся персанальныя старонкі паэтаў у Facebook, прайшоў вялікі канцэрт з удзелам Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, гуртоў Dzeicuiki, Re1ikt ды іншых удзельнікаў праекту. Цяпер усе песні, якія былі створаныя для яго, даступныя для праслухоўвання, набыцця і спампоўвання на асноўных лічбавых пляцоўках. Усе грошы, атрыманыя са стрымінгу, пойдуць на далейшае развіццё гэтага праекту.
Тут сабраныя спасылкі на ўсе платформы (спіс будзе папаўняцца) – https://band.link/ZP4D2
«Мы хочам ушанаваць творцаў ня толькі за тое, што іх забілі, але і за тое, што яны зрабілі: прыняць іх у нашым часе, асэнсаваць тое, што яны паспелі стварыць і працягнуць іх гісторыю далей», – тлумачыць сэнс праекту аўтар ідэі і прадусар Сяргей Будкін.
Цяпер рыхтуецца да друку кніга «(Не)расстраляныя» з тэкставымі версіямі лекцыяў, якія ў межах праекту падрыхтавалі літаратуразнаўцы і гісторыкі. У яе таксама ўвойдуць абраныя творы кожнага з 17 герояў праекту, фота і дакументы. Плануецца, што кніга «Нерасстраляныя» выйдзе пры канцы 2020 года ў выдавецтве «Янушкевіч».
Тым часам, на базе відэа лекцый для праекту «(Не)расстраляныя» Лятучы ўніверсітэт зрабіў адукацыйны курс
https://dp.fly-uni.org/courses/ne-rasstralyanaya-paeziya/, які можа прайсці кожны ахвочы. Адну з слухачак, пісьменніцу з Бялграду Даяну Лазарэвіч гэты курс натхніў на тое, каб перакласці інфармацыю і творы герояў праекту на сербскую мову https://dp.fly-uni.org/serbska/
Прома-відэа праекту